ТАШКЕНТ. Узбэцкі прэзыдэнт Іслам Карымаў абвясьціў амністыю, вызваліўшы больш за 5 тыс. зьняволеных і зьменшыўшы тэрміны 9 тыс. Амністыя датычыла асуджаных за нязначныя ўчынкі і не датычыла зьвінавачаных у “антыканстытуцыйных дзеяньнях”. Выступаючы на сэсіі парлямэнту, Іслам Карымаў сказаў, што 26 сьнежня парлямэнцкія выбары ў гэтай краіне павінны прайсьці адкрыта і свабодна, з удзелам міжнародных назіральнікаў. Учора група правабаронцаў пікетавала амэрыканскую амбасаду ў Ташкенце, зьвяртаючы ўвагу на недэмакратычнасьць будучых выбараў. Ніводная з апазыцыйных партыяў краіны не была дапушчаная ўладаю да ўдзелу ў выбарах. Партыі “Ерк” (“Свабода”) і “Азод Дэхканлар” (“Вызваленьне сялян”) заклікалі да міжнароднага і лякальнага байкоту выбараў.