Кіраўнікі ўсходніх вобласьцяў хочуць аддзяліцца ад Украіны

КІЕЎ. У Луганскай вобласьці Ўкраіны, у горадзе Сэвэраданецк праходзіць зьезд прадстаўнікоў органаў самакіраваньня паўдёва-ўсходніх вобласьцяў Украіны. На зьезд прыбыў прэ’мер-міністар Украіны, кандыдат у прэзыдэнты Віктар Януковіч і мэр сталіцы Расеі Юрый Лужкоў. 3,5 тыс. дэлегатаў зьезду паставілі пытаньне аб стварэньні Паўднёва-Ўсходняй аўтаноміі. Выступаючы на зьезьдзе, Віктар Януковіч заклікаў да спакойных, узважаных рашэньняў. Раней старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімір Літвін зьвінаваціў губэрнатараў усходніх вобласьцяў Украіны ў сэпаратызме. 26 лістапада Луганская і Харкаўская рада стварылі выканаўчыя камітэты і перадалі ім выканаўчую ўладу ў вобласьцях. Рада Нацыянальнай бясьпекі, якую ачольвае Леанід Кучма, заклікала кіраўніцтва ўсходніх вобласьцяў адмовіцца ад любых крокаў да аўтаноміі. Лідэр блёка партыяў “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка назваў ініцыятыву губэрнатараў Данецкай вобласьці Анатоля Блізьнюка, Харкаўскай вобласьці Яўгена Кушнарова і Луганскай вобласьці Аляксандра Яфрэмава па стварэньні Аўтаноміі спробай пазьбегнуць адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў у рэгіёне. Юшчанка заклікаў узбудзіць крымінальную справу супраць тых, хто стварае пагрозу цэласнасьці Ўкраіны. Пра гэта ён заявіў на мітынгу сваіх прыхільнікаў на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве, дзе сотні тысяч людзей працягваюць акцыі пратэсту.

Урадавыя будынкі пакуль застаюцца пад кантролем мітынгоўцаў. Прэзыдэнт Леанід Кучма заклікаў аднавіць працу законных дзяржаўных органаў па ўсёй краіне. Са словаў Леаніда Кучмы, лідэр апазыцыі і кандыдат у прэзыдэнты Віктар Юшчанка паабяцаў зьняць блякаду цэнтральных органаў улады Не паведамляецца, ці пагадзіліся губэрнатары ўсходніх вобласьцяў спыніць працу новаствораных выканкамаў. Учора Вярхоўная Рада прызнала несапраўднымі вынікі другога туру прэзыдэнцкіх выбараў, на чым настойвала апазыцыя. Тымчасам дзейны прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма заклікаў старшыню Нацыянальнага банка Ўкраіны Сяргея Тыгіпку, які падчас перадвыбарчай кампаніі ачольваў штаб Віктара Януковіча, вярнуцца да сваіх абавязкаў у Нацбанку. Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што ў банкаўскай сфэры зьявіліся “трывожныя сымптомы”. Прадстаўнікі кандыдатаў у прэзыдэнты распачалі сёньня перамовы ў справе пераадоленьня палітычнага крызысу. Выступаючы па нацыянальнай тэлевізіі, Леанід Кучма падкрэсьліў, што перамовы неабходныя для таго, каб запабегчы “непрадказальнага разьвіцьця падзеяў”. Аднак перамовы сутыкаюцца зь вялікімі цяжкасьцямі, -- паведаміў Кучма. У краінах сьвету украінская дыяспара ладзіць мітынгі ў падтрымку Віктара Юшчанкі. Гэтак, падобныя акцыі прайшлі ў Празе, Варшаве, Маскве, Брусэлі і шэрагу амэрыканскіх гарадоў.