Кіяўлене прыносяць мітынгоўцам ежу і гарбату, мэрыя адкрыла свае прыбіральні й сталовую

Валер Каліноўскі, Кіеў Як арганізаваны побыт удзельнікаў кіеўскіх акцыяў пратэсту? Сотні тысячаў людзей пяты дзень знаходзяцца ў цэнтры Кіева, дамагаючыся прызнаньня прэзыдэнтам іх лідэра Віктара Юшчанкі. Як яны харчуюцца, дзе начуюць, грэюцца. Пра пабытовыя падрабязнасьці аранжавай рэвалюцыі паведамляе наш карэспандэнт у Кіеве.
Кіеўскія акцыі пратэсту выклікаюць захапленьне ня толькі тым, што яны праходзяць мірна, але і прадуманай арганізацыяй побыту мітынгоўшчыкаў, вялікую частку якіх складаюць прыежджыя.

Частка людзей начуе ў намётах, сотні якіх пяты дзень стаяць на Храшчаціку і ў іншых месцах у цэнтры. Каля трох тысячаў чалавек разьмяшчаюцца ва Ўкраінскім доме, дзе ёсьць харчы, лекі, зарадныя прыстасаваньні для мабільных тэлефонаў. Машынамі прывозяць сюды матрацы, коўдры, валёнкі. Кіяўляне прыносяць ежу, гарачую гарбату, адзеньне. Цэлыя горы прадуктаў і адзеньня ўжо нанесьлі і прывозяць яшчэ. Тут жа зьбіраюцца грашовыя ахвяраваньні. Працуе Дабравольная народная дружына.

Вялікую частку прыежджых на ноч забіраюць у свае кватэры кіяўляне.

Больш за усё патрэбная гарачая гарбата, кіяўляне прыносяць яе ў бутэльках і тэрмасах. Многія ходзяць з варэнікамі, піражкамі, бутэрбродамі і ўпрошваюць пачаставацца.

Фургоны з рэстаранаў прывозяць свае прысмакі, кіеўскі мясакамбінат прывёз трыста кіляграмаў каўбасы.

Для вялікіх масаў людзей патрэбныя цэлыя вадавозы вады, якая грэецца ў палявых кухнях.

Мэр Кіева Аляксандр Амельчанка дазволіў удзельнікам акцыі карыстацца сантэхнікай і сталовай мэрыі, можна зайсьці ў Саюз пісьменьнікаў, Дом прафсаюзаў, іншыя будынкі.У зручным месцы ўсталяваныя біятуалеты.

У натоўпах ходзяць людзі з чырвоным крыжыкамі і надпісам «лекар». Ва ўсіх намётавых гарадках ёсьць па некалькі мэдычных намётаў. У гарадку ля адміністрацыі прэзыдэнта працуе лекар Мікола Ўласенка, які ўзяў адпачынак ў сваім шпіталі, каб быць побач з дэманстрантамі.

“За ўвесь час пакуль ніводнага фізычнага пашкоджаньня не зафіксавана,” – паведаміў лекар Мікола Ўласенка. Акрамя матэрыяльных даброт, удзельнікам акцыі патрэбная і інфармацыя.

Агенцтва УНІАН раздрукоўвае ўлёткі з самымі апэратыўнымі навінамі, публікуецца нават адмысловая газэта, але найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца перадачы незалежнага Пятага тэлеканала, якія паказваюцца ва ўсіх важнейшых пунктах, на вялікіх экранах, усталяваных на МАЗах са спадарожнікавымі антэнамі.

Ёсьць на Майдане і некалькі дзясяткаў беларусаў.

Алег Гнецчык, актывіст Маладога фронту сёньня разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту ў Кіеве ўдзельнічаў у атачэньні вуліц прылеглых да будынку адміністрацыі Кучмы.

Лідэр Маладога фронту Павал Севярынец, які трымае ў руцэ бела-чырвона-белы сьцяг, выклікае цікавасьць ва ўкраінцаў. Час ад часу да яго падыходзяць мітынгоўшчыкі, задаюць пытаньні пра сытуацыю ў Беларусі.