Сёлета ў Віцебску пяты год запар будзе ўручацца адмысловая прэмія імя Ўладзімера Караткевіча

Браніслава Станкевіч, Віцебск У 1999 годзе з прапановаю заснаваць такую прэмію выступіў віцебскі паэт Давід Сімановіч. Але пра гэта абласныя ўлады ўжо даўно не згадваюць, і афіцыйна “караткевіцкая” прэмія лічыцца заснаванай віцебскім аблвыканкамам.
Традыцыйна ляўрэаты прэміі імя Караткевіча вызначаюцца ў дзьвюх намінацыях: за прапаганду творчасьці пісьменьніка і за ўласную літаратурную дзейнасьць. Сёлета журы вызначыла ляўрэатаў толькі ў другой намінацыі: прэмію імя Ўладзімера Караткевіча атрымаюць віцебскі паэт ды перакладчык Ўладзімер Папковіч – за зборнік вершаў “На тым стаю”, віцебская паэтка Вольга Русілка – за кнігу “Ажына”, і паэт з Глыбокага Алесь Жыгуноў – за вершаваны зборнік “Пагавары са мной пра восень”.

Як і штогод, сёлетняя прэмія імя Ўладзімера Караткевіча ня дужа вялікая ў грашовым увасабленьні. Дырэктарка літаратурнага музэю Сьвятлана Казлова, якая ў складзе журы сёлета вызначала ляўрэатаў, гаворыць пра тое, што атрымаць яе – гэта перадусім справа гонару.

(Казлова: ) “Галоўнае – гэта гонар. І нават самі колішнія ляўрэаты казалі, што для іх ня так важна, колькі гэта грошай. І што для іх самае галоўнае –гэта гонар стаць ляўрэатам такой прэміі”.

Уганараваньне ляўрэатаў прэміі імя Ўладзімера Караткевіча адбудзецца сёньня а 13-й гадзіне ў Віцебскім літаратурным музэі.