26 лістапада 1930 году нарадзіўся Ўладзімер Караткевіч

Ул інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 27 лістапада
26 лістапада 1986 году Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў прымае канвэнцыю аб непрымяненьні тэрміну даўнасьці да злачынцаў, што ажыцьцяўлялі рэпрэсіі й генацыд. Гэтая канвэнцыя стала важнай юрыдычнай падтрымкай для пашырэньня ў Беларусі грамадзкага руху за выкрыцьцё злачынстваў сталінскага рэжыму. Неўзабаве будзе апублікаваны артыкул пра расстрэлы ў Курапатах, будзе створана таварыства “Мартыралёг Беларусі”, выкрыцьцё сталіністаў, што ажыцьцяўлялі рэпрэсіі, стане адной з праграмных задач Беларускага Народнага Фронту.

26 лістапада 1855 году памёр Адам Міцкевіч, вялікі паэт, аўтар славутага “Пана Тадэвуша”. Родам Міцкевіч быў з-пад Наваградка. У Наваградку скончыў школу, паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт. Міцкевіч пісаў па-польску, але ўсе падзеі ягоных твораў адбываліся на беларускай зямлі. Памёр паэт у Стамбуле.

26 лістапада 1864 году пакінуў гэты сьвет беларускі гісторык Тэадор Нарбут. Ягоныя дзеці бралі актыўны ўдзел у паўстаньні Каліноўскага, і за гэта карнікі арыштавалі 77-гадовага вучонага і прысудзілі яго да сыбірскае катаргі. Аднак хворы стары, не дачакаўшыся высылкі, памёр.

26 лістапада ў 1930 годзе ў Воршы нарадзіўся Ўладзімер Караткевіч: празаік, паэт, драматург, нароўні з Быкавым – самы чытаны беларусамі айчынны пісьменьнік.

Цяпер пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

27 лістапада незалежнае беларускае грамадзтва адзначае Дзень герояў. Менавіта ў гэты дзень у 1920 годзе Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі ўступіў у бой з бальшавікамі за незалежнасьць Беларусі.

27 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўвалі двух сьвятых – Юстыніяна і Піліпа. Юстыніяна лічылі збаўцам ад бясплоднасьці. Таму на абразах ён намаляваны зь дзіцём на руках. Такія абразы заўсёды былі ў дамах бязьдзетных гаспадароў. Што да Піліпа, дык лічылася, што ён – “дзеці адзявае”. Варта згадаць, што апостал Піліп быў найбліжэйшым вучнем Хрыста. Падчас перасьледу хрысьціянаў ён прыняў пакутніцкую сьмерць – быў укрыжаваны дагары нагамі.

27 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет акадэмік архітэктуры Іван Жалтоўскі родам зь Пінску; першы прэзыдэнт Ізраілю Хаім Вэйцман родам зь мястэчка Моталь на Палесьсі; беларускі кампазытар з Гомеля Рыгор Пукст, які напісаў мноства твораў, але прынамсі адну ягоную песьню ведаюць усе – гэта “Перапёлачка”; нямецкі беларусіст Норбэрт Рандаў, чыю працу называюць цэлай эпохай у гісторыі беларуска-нямецкага перакладу.