Пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу на міліцыянтаў, якія 19 кастрычніка зьбівалі Анатоля Лябедзьку і расейскіх журналістаў

Альгерд Невяроўскі, Менск Пракуратура Ленінскага раёну Менску адмовілася ўзбуджаць крымінальныя справы па фактах зьбіцьця 19 кастрычніка лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і журналістаў расейскіх тэлеканалаў НТВ і Ren-TV. Супрацоўнікі пракуратуры не знайшлі складу злачынства ў дзеяньнях міліцыянтаў, якія разганялі акцыю пратэсту апазыцыі супраць фальшаваньня вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Прадстаўнікі АГП гавораць, што гэта не азначае, што крымінальная справа супраць амонаўцаў ня будзе заведзеная пасьля таго, як у Беларусі зьменіцца ўлада.
Пасьля таго, як амонаўцы 19 кастрычніка зьбілі апэратара каналу НТВ Канстанціна Марозава і яго калегу з Ren-TV, з нотай пратэсту на адрас беларускіх уладаў выступіла Міністэрства замежных справаў Расеі.

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі абяцала правесьці расьсьледаваньне і даць расейскаму боку адказ. Я пацікавіўся ў прадстаўніка МУС Беларусі Віталя Грынкевіча, ці праведзенае гэта расьсьледаваньне.

(Грынкевіч: ) “Я дакладна ведаю, што нейкія зьвесткі па гэтым факце накіроўваліся ў МЗС”.

А вось што адказаў на пытаньне, як вядзецца расьсьледаваньне падзеяў 19 кастрычніка, прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Гэтае пытаньне найперш да МУС”.

Карэспандэнт тэлеканалу НТВ ў Менску Віктар Кузьмін гаворыць, што іх здымачная група ніякіх дакумэнтаў у гэтай справе з Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі не атрымлівала.

Дарадца амбасады Расеі ў Менску Аляксандар Фралоў сказаў, што прынамсі на мінулым тыдні ніякіх паведамленьняў ні з МУС, ні з МЗС Беларусі ў справе зьбіцьця журналістаў не паступала. У расейскай амбасадзе больш дакладнай інфармацыі падаць не змаглі.

Праверку па фактах зьбіцьця Анатоля Лябедзькі і расейскіх журналістаў праводзіла й пракуратура Ленінскага раёну Менску, якая адмовілася заводзіць крымінальную справу. Гаворыць пракурор Ленінскага раёну Аляксей Стук:

(Стук: ) “ Адмоўлена ва ўзбуджэньні, мы не знайшлі падставаў для ўзбуджэньня. Яму нанесеныя цялесныя пашкоджаньні, але ўсё гэта было, так бы мовіць, у працэсе правамернага затрыманьня. Так што тое, што зьбівала міліцыя, гэта не пацьвердзілася. Быў шэраг заяваў і ад журналістаў у тым ліку. У цэлым прынятае рашэньне аб адмове”.

Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне намесьнік старшыні АГП, юрыст Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “ Хто спадзяваўся, што ў нашай дзяржаве будзе ўзбуджаная крымінальная справа па зьбіцьці аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі. Але мы думаем, што гэтая ўлада ня так ужо й надоўга каб мы не змаглі потым узбудзіць крымінальную справу супраць тых людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтым злачынстве”.

Нагадаю, што Эўрапейскі Зьвяз зьбіраецца ўвесьці забароны на ўезд беларускім афіцыйным асобам, вінаватым у рэпрэсіях супраць мірных дэманстрантаў.