Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Уступіць месца, уступіць просьбам або, скажам, сіле – ці прымальны ў названых спалучэньнях дзеяслоў уступіць? Аўтары некаторых працаў з культуры беларускае мовы крытыкуюць такое ўжываньне, тым часам як нарматыўныя слоўнікі дапускаюць яго без усякіх абмежаваньняў. Фіксацыі ў розных даведніках – як дыялектнай, так і літаратурнай мовы (напр., у “Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”, у “Краёвым слоўніку ўсходняй Магілёўшчыны” Івана Бялькевіча, у “Расійска-беларускім слоўніку” С. Некрашэвіча і М. Байкова) – здаецца, усё ж не дазваляюць адназначна заяўляць пра чужароднасьць слова ўступіць у разьбіраным значэньні. Пры гэтым можна дапусьціць, што аналізаванае тут ужываньне дзеяслова ўступіць у нашай мове мінулага стагодзьдзя было прынамсі ў нейкай ступені абумоўленае аналягічнымі паводле будовы словамі расійскай і польскай моваў (уступить і ustąpіć). І так, арыентуючыся на факты суседніх моваў, у нас забываліся і, на жаль, да сёньня забываюцца на іншыя, адметна беларускія дзеясловы з значэньнем адмаўленьня ад нечага, згоды з чым-небудзь. Найперш прыпомню тут дзеяслоў саступіць і вытворны ад яго назоўнік саступка. І месца можам саступіць, і сіле саступіць. У тым самым значэньні, што й слова саступіць, ужываецца ў беларускай мове яшчэ адзін дзеяслоў з гэтым коранем, але з прыстаўкаю пера- – пераступіць. Можна сказаць па-беларуску: я пераступіў сябру свой білет або пераступіў старому чалавеку месца ў транспарце. Маем таксама ў арсэнале мовы дзеясловы папусьціць, перапусьціць, нарэшце, папусьціцца. Яны ўжываюцца ў значэньні ‘паддацца сіле, перастаць супраціўляцца’. Гавораць па-беларуску: ён свайго не папусьціць або ён свайго не перапусьціць. А вось сказ, які я выпісаў з часта цытаванага ў “Жывой мове” слоўніка Івана Насовіча: “Не папускайся яму: папусьцісься, блага будзе”.
Як заўсёды, у нас ёсьць з чаго выбіраць – не адно слова ўступіць у нашай мове. Гаворым:
нам удалося не саступіць у гульні, мы пераступілі вучням лепшыя месцы, трэба не папускацца гвалту, трэба не папускаць свайго
Як заўсёды, у нас ёсьць з чаго выбіраць – не адно слова ўступіць у нашай мове. Гаворым:
нам удалося не саступіць у гульні, мы пераступілі вучням лепшыя месцы, трэба не папускацца гвалту, трэба не папускаць свайго