Цытаты мінулага – 25 лістапада

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 25 лістапада
“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Лектар грэцкага языка у Імпэратарскай рымска-каталіцкай Духоўнай Акадэміі. Памочнік бібліятэкара Імпэратарскага Пецярбургскага Унівэрсытэту. Лектар лацінскага языка на вячэрніх агульна-навуковых курсах для ўзрослых А.С.Чарняева. Вучыцель гімназіі для хлапцоў пры касьцеле сьв.Кацярыны. Чынны сябра Інстытуту Беларускай Культуры і пазьней сябра Беларускай Акадэміі Навук у Менску. Піонэр адраджэньня беларускага народу. Памёр 6 чэрвеня сёлетняга году ў Ленінградзе”.

“Советская Белоруссия”, 1964 год. Жыхар Менску Аксельрод:

“Хутка ўжо восем гадоў працуе ў нас дома тэлевізар “Беларусь-3”. Праўда, паўмесяца таму давялося замяніць дзьве лямпы, але і ўсяго. Гэта значыць, што больш за сем гадоў тэлевізар працаваў выдатна і пасьля замены дзьвюх лямпаў працягвае працаваць вельмі добра: выдатная бачнасьць і гук… У нас ёсьць таксама пральная машына “Волга”. Ёю мы карыстаемся ўжо тры гады — і ніводнай паломкі! Лядоўня “Саратов”, набытая ў лютым 1960 году, таксама ні разу не ламалася. Хочацца падзякаваць калектывам, якія іх вырабілі. Мы радыя будзем, калі яны праз газэту “Советская Белоруссия” даведаюцца аб гэтым”.

“Свободные новости +”, 1994 год. Сьвятлана Алексіевіч:

“Я лічу, што ў нас апошні гістарычны шанец для адраджэньня. Мы і так ужо нацыя, якая спазьнілася (ёсьць такая ў філязофіі катэгорыя). І, канечне, у нашай гэтай спозьненасьці і ёсьць усё: небясьпека зьнікненьня, магчымасьць гвалту, калі да ўлады прыйдуць людзі, якія прымітыўна разумеюць працэс адраджэньня, чаго я больш за ўсё баюся, таму што гэты апошні гістарычны шанец будзе паліць у іх пад нагамі зямлю”.