На 25 лістапада абвешчаны пачатак усеўкраінскага палітычнага страйку

Валер Каліноўскі, Кіеў 24 лістапада ўкраінская апазыцыя заявіла, што будзе працягваць сваю барацьбу як прававым шляхам, так і шляхам народнага супраціву. Што да прававога, то сёньня-заўтра апазыцыя зьбіраецца перадаць абгрунтаваную скаргу на вялікай колькасьці старонак у Вярхоўны суд. Гэтая скарга будзе даводзіць, што рашэньне ЦВК юрыдычна нікчэмнае. Юры Кастэнка, прадстаўнік штабу Юшчанкі, настойвае на перападліку галасоў і на праверцы фактаў шматлікіх фальсыфікацыяў.
Што да шляху супраціву, то на сёньня абвешчаны пачатак усеўкраінскага палітычнага страйку. Найбольш радыкальны лідэр апазыцыі, Юлія Цімашэнка, заклікала да стварэньня групаў народнага супраціву. Яна лічыць, што падобныя групы народнага супраціву патрэбныя, каб пазьбегнуць кровапраліцьця.

З другога боку, менавіта Юлія Цімашэнка заклікала блякаваць трасы, чыгункі, вакзалы, порты й г.д. – думаю, што гэтыя апошнія заявы ў большай ступені эмацыйныя. Што да закліку Цімашэнкі забіраць уладу на месцах, то гэта ўжо пачало паціху рэалізоўвацца – напрыклад, у Львове ўжо стварылі абласны выканкам замест прызначанай Л.Кучмай адміністрацыі вобласьці.

На працягу мінулых дзён паступалі супярэчлівыя паведамленьні наконт ініцыятываў Леаніда Кучмы: то ён быццам бы прапаноўваў дыялёг, то на гэты дыялёг не пайшоў. У гэтым сэнсе кіраўніцтва – шматаблічнае. Гэтак, сёньня ў Кіеве павінна прайсьці нарада гарадзкіх, раённых, абласных радаў, скліканая гарадзкой радай Кіева. Мэр Кіева Амельчанка заклікаў Кучму выконваць паўнамоцтвы прэзыдэнта яшчэ тры-чатыры месяцы, пакуль сытуацыя не ўрэгулюецца.

Прадстаўнік іншай галіны ўлады, сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімер Літвін прапанаваў перанесьці абмеркаваньне сытуацыі пасьля выбараў у парлямэнт, а Леанід Кучма заклікаў канфліктуючыя бакі да перамоваў зь ягоным пасярэдніцтвам. Аднак відавочна, што сам ён стаў на іншы бок – на пэўны, канкрэтны бок – і ўдае сабой частку, як гэта называе апазыцыя, “рэжыму Кучмы і Януковіча”.

У цэлым пазыцыя Кучмы мала выразная: ён шмат разоў выступаў перад выбарамі, а вось пасьля выбараў толькі распаўсюджваюцца ягоныя заявы, па тэлевізіі ён яшчэ не выступаў.