Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Ці ёсьць якая розьніца ў ужываньні дзеясловаў помніць і памятаць, якое значэньне мае ў літаратурнай мове дзеяслоў запáмятаваць – ‘запомніць’ ці ‘забыць’? Адказаць на гэтыя пытаньні папрасіў сталы слухач “Жывой мовы” Андрусь Жвір.
У нарматыўных даведніках словы помніць і пáмятаць (ці – з другім націскам – памятáць) фіксуюцца як абсалютныя сынонімы – у слоўніках дасюль не абазначаны нюансы ўжываньня ў літаратурнай мове двух названых дзеясловаў. На пэўную сэнсавую й стылістычную розьніцу паміж помніць і памятаць пару дзесяцігодзьдзяў назад зьвярнуў увагу мовазнаўца Пётра Садоўскі. “Помніць, – пісаў Садоўскі, – больш зьвязана з “духоўна-маральнай” памяцьцю... Памятаць – дзеяслоў больш “фізычнага” характару, больш празаічны”. Па-беларуску скажуць: век помніць буду, помні цану праўды, помню, як сьвята, каб цябе помнілі й паміналі, зрабіў ня помнячы сябе. Для ілюстрацыі яшчэ радок з паэтычнае мовы. “Сэрца помніць каханьне і попелам стаўшы з агню”, – гэты сказ я выпісаў зь вершу Ўладзімера Караткевіча.
Цяпер – пра дзеяслоў запáмятаваць. У прасторы народна-дыялектнай беларускай мовы гэтае слова вядомае ў процілеглых значэньнях: і як ‘забыць’, і як ‘запомніць’. Аднак жа для сучаснага літаратурнага маўленьня запамятаваць у сэнсе ‘запомніць’ малахарактэрнае, беларускія нарматыўныя слоўнікі фіксуюць гэты дзеяслоў толькі ў значэньні ‘забыць’ і характарызуюць яго як абласны. У літаратурным лексыконе поруч з агульнаўжывальным словам запомніць ёсьць роўны яму значэньнем дзеяслоў запамятáць – з націскам на канцавым складзе. Адрозьнівайма слова запамятáць ад дзеяслова з націскам на другім складзе запáмятаць, сынанімічнага дзеяслову забыць.
Пры канцы паўтараю, зыходзячы з слоўнікавых устанаўленьняў:
запамятáць – значыць запомніць;
запáмятаць, запáмятаваць – гэта забыць, забыцца.