Галівудзкая зорка выйшла на сувязь зь Менскам

RFE/RL У Менску разам зь міжнародным кінафэстывалем “Лістапад” адбываецца і конкурс дзіцячых фільмаў “Лістападзік”. Сёлета ў конкурснай праграме “Лістападзіка” – амэрыканскі фільм “Патрыманыя львы” (Secondhand Lions) з удзелам маладой галівудзкай зоркі Гэйлі Джоэлам Осмэнтам, які стаў сусьветна вядомым у ролі хлопчыка ў фільме “Шостае пачуцьце”.
22 лістапада, а восьмай раніцы, Осмэнт выйшаў на сувязь зь Менскам.

Тэлемост (відэаканфэрэнцыя) паміж Менскам і Лос-Анжэлесам быў арганізаваны амбасадай ЗША і доўжыўся амаль гадзіну. Галоўная ідэя канфэрэнцыі – пагутарыць зь беларускімі аднагодкамі, а асноўнымі ўдзельнікамі зь беларускага боку сталі вучні Менскай лінгвістычнай гімназіі №24, якія засыпалі галівудзкую зорку пытаньнямі. Удзельнікі сярод іншага даведаліся, што Осмэнт упершыню ўдзельнічае ў гэткай відэаканфэрэнцыі, што ён любіць гуляць у гольф, што ягоныя любімыя гарады – Токіё і Сыднэй, і што ён хацеў бы вывучаць эўрапейскую і амэрыканскую гісторыю.

“Некалькі гадоў таму я быў на здымках у Польшчы, і быў зусім побач з вашай краінай” – сказаў Осмэнт.

Нагадаем, у 1999 годзе Гэйлі Джоэл Осмэнт стаў самым маладым намінантам на Оскара ў гісторыі ў катэгорыі “Найлепшая мужчынская роля першага пляну”, за фільм “Шостае пачуцьце”.

Фэстывальны паказ фільму “Патрыманыя львы” адбудзецца 24 лістапада а 14-й гадзіне ў кінатэатры “Піянэр”.