“Шмат людзей пытаецца, чаму беларуская прадукцыя мае небеларускую назву”

Міхал Стэльмак, Менск У Менску завяршылася выстава “Харчэкспа-2004”, на якой дэманстраваліся лепшыя ўзоры прадукцыі айчыннай харчовай прамысловасьці. Якія моўныя тэндэнцыі ў назовах тавараў складваюцца на харчовым рынку краіны?
Дамінуючай мовай у назовах тавараў, што вырабляюцца на харчпрадпрыемствах Беларусі, ёсьць расейская. Зь некалькіх соцень тавараў, якія дэманстраваліся на выставе, я налічыў усяго пару дзесяткаў назоваў на беларускай мове. Чаму на ўпакоўках назовы пішуцца пераважна па-расейску? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Аляксей Амельяновіч, маркетоляг фірмы “Белтарапак”, якая займаецца вырабам упаковак для харчаваньня:

(Амельяновіч: ) “Назвы на беларускай мове ў нас чамусьці ніхто не заказвае. Чаму? Мы такое дасьледаваньне пакуль не праводзілі. Гэта заказваюць самі заводы. І дзяржаўныя, і камэрцыйныя прадпрыемствы. Вось у нас была пушка “Асілак”, гэта кукурузныя клопці. Пушка зроблена на беларускай мове. Але ў работу яна пакуль не пайшла. Калі давядуць да нашага ведама, што мы павінны рабіць на беларускай мове ў нас упакоўку, то й мы будзем рабіць на беларускай. Складанасьцяў нам гэта ня створыць”.

Як вынікае з тлумачэньня спадара Амельяновіча, пытаньне ўжываньня той ці іншай мовы ў назовах тавараў цалкам залежыць ад вытворцаў. Чаму яны аддаюць перавагу расейскай мове? Ці ўплывае гэта нейкім чынам на іхны бізнэс?

Гэтыя пытаньні я задаваў на выставе прадстаўнікам фірмаў, у чые абавязкі ўваходзіць рэалізацыя харчовай прадукцыі спажыўцам. І вось якімі меркаваньнямі на гэты конт яны падзяліліся са мной:

(Спадарыня Алена: ) “Я маркетоляг. Не ўплывае”.

(Спадарыня Галіна: ) “Шмат людзей пытаецца, чаму наша беларуская прадукцыя мае небеларускую назву”.

(Спадарыня Ганна: ) “Беларускіх назваў у нас практычна няма. Таму што гэта рынак. Мы працуем ня толькі на беларусаў, але й на Расею. Вось чаму. Каб усім было зразумела”.

(Спадарыня Галіна: ) “Людзі больш зьвяртаюць увагу на яскравасьць упакоўкі”.

(Спадарыня Святлана: ) “Усе прывыклі да нашых фірменных назоваў. Да расейскіх назоваў. І могуць паўставаць нейкія дадатковыя пытаньні”.

(Спадарыня Ірына: ) “На нашай радзіме вельмі мала патрыётаў”.

Як можна зразумець з гэтых выказваньняў, цяперашняя сытуацыя зь беларускамоўнымі назовамі тавараў у цэлым ня мае эканамічных прычынаў. Пры якіх умовах яна можа палепшыцца? На думку прадстаўнікоў фірмаў, ужываньне ў гэтай сфэры беларускай мовы магло б, па-першае, істотна пашырыцца ў выпадку ўхваленьня такога працэсу “зьверху”. Па-другое, станоўчай тэндэнцыі можна чакаць і пры актывізацыі кантактаў таваравытворцаў і сяброў Таварыства беларускай мовы. Пакуль жа, як вынікае з тлумачэньня намесьніка старшыні ТБМ Сяржука Кручкова, іхны цяперашні дыялёг прыкметнага плёну не мае:

(Кручкоў: ) “Што тычыцца выкарыстаньня на ўпакоўках беларускіх назваў, тут сытуацыя складаная. Назваў па-беларуску вельмі мала. Можна пералічыць па пальцах, хто гэтым займаецца. Гэтым займаюцца некаторыя хлебазаводы. Яны традыцыйна называюць свае хлябы па-беларуску. Як бы робяць беларускую марку, беларускі брэнд. І мы шчыльна зь імі супрацоўнічаем. Але, на маю думку, тут супраць беларусізацыі брэндаў працуе конкурс “Брэнд года”. Вельмі істотна ўплывае пазыцыя арганізатараў гэтага конкурсу. Таму могуць назваць тавар “матрёшка”, “снегурочка” якая-небудзь – толькі не па-беларуску. Яны проста ня маюць разуменьня таго, што на сёньняшні момант беларускі брэнд быў бы надзвычай прыцягальны”.