Ірацкія ваяўнікі адпусьцілі закладніка

ІРАК. Ваяўнікі адпусьцілі стрыечнага брата прэ’мер-міністра Ірака Газі Аляўі, выкрадзенага 9 лістапада. Ваяўнікі групы Ад-Джыгад Ансар патрабавалі спыніць амэрыканскую апэрацыю ў Фалюджы, пагражаючы забіць закладніка, ягоных жонку і нявестку. Аднак у выніку ваяўнікі адпусьцілі сям’ю. У Багдадзе прагучалі чатыры моцныя выбухі каля г.зв. “зялёнай зоны”, дзе знаходзіцца штаб сілаў кааліцыі. Падрабязнасьці не паведамляюцца. Паўстанцы ў Рамадзі забілі восем ірацкіх урадавых жаўнераў і паранілі 18. У шматнацыянальным горадзе Кіркуку ваяўнікі стралялі ў журналіста Салама Ахмэда, тэркамэна па нацыянальнасьці, які працуе ў тэркамэнскай газэце “Тэркамэн Алі”. Усеагульныя выбары ў Іраку перанесеныя з 27 студзеня на 30 студзеня. Іракцы абяруць парлямэнт, які прызначыць урад і прыме Канстытуцыю краіны.