Апытаньне менскіх кіроўцаў: ці ўхваляюць яны скасаваньне А.Лукашэнкам нормы пра неабходнасьць езьдзіць узімку ўдзень з уключанымі фарамі?

Міхал Стэльмак, Менск Як мы паведамлялі, 19 лістапада Аляксандр Лукашэнка адмяніў норму правіл дарожнага руху пра неабходнасьць язды з 1 лістапада па 31 сакавіка ў дзённы час на транспартных сродках з уключанымі фарамі. Як ставяцца да гэтага рашэньня менскія кіроўцы?
(Спадар: ) “Мабыць, гэта дрэнна, бо бясьпека руху рэзка ўпадзе”.

(Іншы спадар: ) “У зімовы час кіроўцы й пешаходы ня бачаць адзін аднаго”.

(Спадар: ) “Я думаю, што фары можна й не ўключаць у яснае надвор’е, а пры тумане, калі нармалёвы кіроўца, то ён сам уключыць фары”.

(Спадар: ) “Неабходнасьць езьдзіць з уключанымі фарамі? Я думаю, што гэта патрэбна і абавязкова”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ўхваляеце вы скасаваньне А.Лукашэнкам нормы пра неабходнасьць езьдзіць удзень, у зімовы час, са сьвятлом?”

(Спадар: ) “Можна было б зрабіць, прыпусьцім, да 10 раніцы і, прыпусьцім, зь 5 вечара, калі прыцемкі пачынаюцца”.

(Спадарыня: ) “Ну вось глядзіце, калі фары ў машыны ўключаныя, вас лепш відаць. Вы лепш бачныя, вам машына лепей бачная. На адлегласьці, калі дзеці дарогу пераходзяць, яны ж бачаць машыну лепш, калі фары ўключаныя – гэта маячок для іх”.

(Спадар: ) “Калі дрэнныя дарожныя ўмовы, туман альбо дождж – то канечне патрэбна”.

(Спадар: ) “Цёмны час сутак, прыцемкі – гэта вельмі небясьпечны час. Абавязкова трэба езьдзіць – а ў нас зараз зіма”.

(Спадар: ) “З уключанымі фарамі пры нармалёвым надвор’і – гэта марнатраўства. Старыя машыны – яны наогул гэтага ня любяць”.

(Спадар: ) “Уключанае бліжняе сьвятло – гэта, канечне, добра. Для пешаходаў і іншых кіроўцаў – гэта неабходнасьць”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку, ці паўплывае адсутнасьць сьвятла ў зімовы час удзень на бясьпеку руху?”

(Пажылы спадар: ) “Мы яшчэ па-новаму не рабілі, вось толькі зьбіраемся, дык мы ня ведаем паводзінаў людзей”.

(Спадар: ) “У мінулым годзе пры ўвядзеньні сьвятла фараў сэрвісы, якія рамантуюць машыны пасьля аварыяў, казалі – як быццам зіма й не надышла пасьля ўводу фар. Таму я выключна станоўча стаўлюся да сьвятла фараў у сьветлы час сутак у зімовы час”.

(Спадар: ) “У туманнае восеньскае надвор’е? Нармалёва”.

(Малады спадар: ) “А вы ведаеце, гэта вельмі трэба. Раней узімку не ўключалі фары, дык бывае нават, што ледзьве ня кідаюцца пад аўтобус”.

(Спадар: ) “Далёка ня будзем хадзіць, у нас суседзі – Польшча. Я Польшчу наведваю з 1992 году. Там, пачынаючы зь верасьня, усе езьдзяць з уключанымі фарамі, і ніхто не пытаецца, чаму гэта так і так – гэта норма, закон, таму што яны ўжо ведаюць, што аварыйнасьць, натуральна, робіцца менш”.