“Францускія Дажынкі” ў Менску

Севярын Квяткоўскі, Менск 18 лістапада ў Менску маюць адзначыць Дзень маладога віна альбо “Сьвята новага Божоле”: традыцыйны францускі фэст заканчэньня сельскагаспадарчага сэзону. Сьвята адзначаюць кожны трэці чацьвер лістапада. Цягам стагодзьдзяў Дзень маладога віна ператварыўся зь вясковага ў агульнанацыянальнае сьвята. І цяпер адзначаецца ня толькі ў Францыі, але ў 150 краінах сьвету, у тым ліку ў Беларусі.
У чым сутнасьць Сьвята новага “Божоле”? Некаторыя з арганізатары жартам назвалі гэты фэст “францускімі Дажынкамі”. Сапраўды, Сьвята маладога маладога віна, цяпер канкрэтнага гатунку “Божоле”, паўстала як традыцыйны сельскагаспадарчы фэст. Калі ў Беларусі аснову сельскай гаспадаркі Сярэднявечча складала жыта, а цяпер жывёлагадоўля, дык у Францыі цяпер, як і сотні гадоў таму – вінаград і, адпаведна, вінаробства. Дарэчы, адпачатку сьвята маладога віна лічылася выключна прасталюдзінскім, але яшчэ да Вялікай францускай рэвалюцыі, у канцы сямнаццатага стагодзьдзя, сталася агульнанацыянальным. То бок, дзень, які сьвяткуюць незалежна ад сацыяльнай прыналежнасьці і палітычных поглядаў усе французы:

(Прудом: ) “Такое сьвята, якое адзначаюць у барах: канец цяжкой вялікай працы. Можна спарадкаваць усе справы... Напэўна, гэта адчуваньне самога сьвята”.

Патлумачыла Вольга Прудом, прадстаўніца мастацкай галерэі “Зямля людзей”, адной з арганізатараў сьвята. Уласна арганізацыя фэста маладога віна ў Менску належыць францускай амбасадзе ды некаторым францускім камэрцыйным фірмам, якія працуюць у Менску. У Беларусі “Дажынкі” звычайна лякалізуюцца ў нейкім канкрэтным горадзе, дзе на плошчы выстаўляюць яткі з напоямі і прысмакамі, а на сцэне выступаюць рознага кшталту выканаўцы.

А як выглядаюць “францускія “Дажынкі” ў Францыі? Аднойчы мне пашчасьціла патрапіць на Сьвята маладога віна ў Парыжы. Зразумела, я не пабачыў уганараваньня “перадавікоў капіталістычнай працы” тэлевізарамі ці пральнымі машынамі. У Францыі і ў мэгаполісе, і ў малой вёсцы мясцовыя ўлады ды прадпрымальнікі ладзяць сьвяточныя мерапрыемствы з уласнай ініцыятывы і паводле ўласнага сцэнару. Зразумела, гучыць музыка, вядома, ладзяцца шоў, але самае галоўнае, што яднае ўсю краіну – вінаробы выстаўляюць сваю прадукцыю. Лепшага вытворцу вызначае не дырэктыва зь Елісейскіх палёў, а выбіраюць яго самі людзі. І самае галоўнае адрозьненьне “францускіх Дажынак”: на сьвяце віна вы пабачыце мноства вясёлых людзей, але не сутыкнецеся зь п’янымі, якія валяюцца пад плотам.