У Беларусі гасьцюе чарговая партыя журналістаў з Расеі

Ігар Карней, Менск Два дзясяткі супрацоўнікаў цэнтральных і рэгіянальных выданьняў цягам трох дзён езьдзяць на прамысловыя прадпрыемствы і сустракаюцца з урадавымі чыноўнікамі й ідэолягамі адміністрацыі Лукашэнкі. Сёньняшні дзень цалкам прысьвечаны візыту на віцебскае аб’яднаньне “Віцязь”.
У чарговага журналісцкага дэсанту з Расеі не заплянавана прэсавай канфэрэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам. Тым ня меней, у Нацыянальным прэсавым цэнтры, ад імя якога і былі дасланыя запрашэньні, паведамілі: графік сустрэчаў расейцаў вельмі шчыльны. Прадстаўнікоў выданьняў, сярод якіх “Советская Россия”, “Российская Федерация”, “Союз-Инфо” ды іншыя, чарговы раз знаёмілі зь беларускай эканомікай. Напярэдадні іх вазілі на МАЗ, Менскі электрамэханічны завод імя Казлова, БелАЗ, на адзін з аб’ектаў “Белтрансгазу” ў Камянецкім раёне. Сёньняшні дзень прысьвечаны візыту ў Віцебск на тэлевізійнае аб’яднаньне “Віцязь”. Што штурхае беларускія ўлады выдаткоўваць вялізныя грошы на такіх візытораў? Вось меркаваньне незалежнага журналіста Рамана Якаўлеўскага:

(Якаўлеўскі: ) “Ад 1 кастрычніка ў адказ на сытуацыю вакол карпункту каналу “Россия” ў Менску прыпынены выхад тэлепраграмы “Масква—Менск”. Гэта была адзіная перадача на канале РТР, якую маглі глядзець усе рэгіёны Расеі. Ія б ня стаў прымяншаць значэньне гэтых візытаў. Лукашэнка ўпарта працягвае дастуквацца да расейскіх грамадзянаў са сваімі ідэямі, ідэалёгіяй”.

(Карэспандэнт: ) “А ці ёсьць увогуле інтарэс з таго боку да той жа ідэалёгіі?”

(Якаўлеўскі: ) “У рэгіёнах ёсьць. Бо Масква — гэта яшчэ ня ўся Расея”.

Журналісты ад падобных візытаў маюць самыя супярэчлівыя ўражаньні. Рэдактар газэты “Хакасия” Мікалай Агароднікаў быў у складзе папярэдняй групы ў кастрычніку. І параўнаньні гэтыя збольшага на карысьць Расеі.

(Агароднікаў: ) “Беларусь сама па сабе цікавая. А, зь іншага боку, у нас, “атручаных” прыватызацыяй і прыватнай уласнасьцю, шпарчэй разьвіваецца гандаль, гарады больш адметныя. Але ж Расея, пэўна, і куды багацейшая”.

Асноўныя сустрэчы з удзелам расейскіх журналістаў заплянаваны на 18 лістапада ў Нацыянальным прэсавым цэнтры, — паведаміла яго супрацоўніца.

(Супрацоўніца прэсавага цэнтру: ) “Будзе, хутчэй, нават круглы стол. Тэма — “Магчымасьці саюзнай дзяржавы ў пашырэньні экспартнага патэнцыялу Беларусі й Расеі”. Заплянаваныя выступы намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага, прадстаўнікоў Саўміну, Мінэканомікі, МЗС, амбасады Расеі ў Менску”.

Як апавядаюць у кулюарах самі журналісты, падобныя сустрэчы праходзяць па адным сцэнары. Перадусім ад гасьцей чакаюць, што яны ня будуць задаваць “нязручных” пытаньняў.