Беларус Уладзімер Бубен дыскваліфікаваны пажыцьцёва?

Ул. інф. Праўдападобна, што ўдзельнік паралімпійскіх гульняў у Афінах – беларус Уладзімер Бубен будзе пажыцьцёва дыскваліфікаваны за ўжываньне анаболікаў. Міжнародны паралімпійскі камітэт агучыў сёньня сьпіс спартоўцаў, чые допінг-тэсты атрымалі станоўчыя вынікі.
49-гадовы гарадзенец Уладзімер Бубен прадстаўляў беларускую паралімпійскую зборную ў Афінах у цяжкай атлетыцы. Менавіта ў гэтым відзе спорту вызначанае найбольшая колькасьць станоўчых допінг-тэстаў – сем.

Як перадаюць заходнія міжнародныя агенцтвы, паралімпійскі камітэт мае намер як ануляваць спартовыя вынікі пераможцаў, так і дыскваліфікаваць большасьць цяжкаатлетаў. Гэта тычыцца чэмпіёна гульняў Саіда Музаві зь Ірану, які ўжываў анабалічны стэроід мэтандынон. Іранец будзе пазбаўлены залатога мэдаля і ня зможа ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах два гады. Срэбранага мэдалю будзе пазбаўлены 36-гадовы аўстрыец Вольфганг Дубін, які ўжываў забаронены стымулятар профільэксэдрын.

Што да беларускага ўдзельніка ў спаборніцтвах па “паўэрліфтынгу” Ўладзімера Бубена, то яго, хутчэй за ўсё, дыскваліфікуюць пажыцьцёва, паколькі ён ужо раней адхіліяўся ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах за ўжываньне анаболікаў – прэпаратаў, якія забясьпечваюць біясынтэз прадуктаў абмену (бялкоў, тлушчаў, вугляводаў). Як вядома, анабалічныя стэроіды садзейнічаюць фіксацыі кальцыя ў касьцях, нарошчваньню мускульнай масы цела, паляпшэньню працаздольнасьці спартоўцаў.

Беларускі паралімпійскі камітэт пакуль ня даў ніякага тлумачэньня адносна інцыдэнту. Напярэдадні Афінскіх гульняў спартовае кіраўніцтва падкрэсьлівала, што ўсе беларускія паралімпійцы знаходзяцца ў выдатнай спартовай форме і ў стане разьлічваць на высокія спартовыя паказчыкі. Адрозна ад звычайных спартоўцаў, паралімпійцы мусяць праходзіць больш інтэнсіўны мэдычны кантроль з тым, каб да пачатку міжнародных спаборніцтваў прадставіць адпаведныя вынікі мэдычных камісіяў.