Нямецкія лекары: першапачатковы дыягназ Алеся Разанава – інфаркт

Ул.інф. Вось ўжо болей за тыдзень вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленьні Бонскай унівэрсытэцкай клінікі. І лекары, і знаёмыя паэта ды таксама ягоная жонка Галіна, якая адмыслова прыляцела ў Нямеччыну, сьведчаць пра некаторыя пазытыўныя зрухі ў стане здароўя Разанава.
Першапачатковы дыягназ, які бонскія лекары паставілі 57-гадоваму Алесю Разанаву– інфаркт. Потым сытуацыя ўскладнілася дадатковым захворваньнем – пнэўманіяй. Паводле Ганса-Ёахіма Губэра – прадстаўніка культурніцкага ведамства Бона, якое запрасіла спадара Разанава ў Нямеччыну на год, да чэрвеня й дало яму адпаведную стыпэндыю для напісаньня кнігі, –беларускаму паэту пакрысе становіцца лепш. Аднак канчатковы ягоны дыягназ пакуль не вызначаны.

Алесь Разанаў – вядомы чалавек у Беларусі. У зьвязку з адсутнасьцю інфармацыі зьяўляецца шмат чутак наконт ягонай хваробы. У інтэрнэт-форумах можна нават прачытаць пра анкалёгію, кажу я спадару Губэру, які амаль кожны дзень наведвае беларускага паэта ў бонскім шпіталі.

(Губэр: ) “Гэта абсалютнае глупства. Тое, што было ў яго напачатку, гэтага ня ведаюць самі лекары. Яны мусяць правесьці да канца ўсе дасьледаваньні. У любым выпадку гэта не анкалёгія. Інакш бы яны сказалі мне самі. Я думаю, што яму пакрысе становіцца лепш. Я магу сказаць наступнае: пакуль ён знаходзіцца ў рэанімацыі, я не магу сказаць штосьці дакладнае. Гэта лепш скажа ягоная жонка, якая ўвесь час зь ім”.

Нарэшце датэлефаноўваюся да жонкі Алеся Разанава – спадарыні Галіны:

(Разанава: ) “Званілі таксама сёньня з газэты, і я толькі што прыйшла ад яго і пыталася, як… Стан… даволі складаны, але зь лёгкімі ўжо значна лепш. Здымак рэнтгенаўскі значна лепшы, але пакуль ён знаходзіцца ў рэанімацыі. Ён прасіў мяне – ён не хацеў бы, каб пра яго здароўе пісалі. Аднак, калі каму-небудзь захочацца пра гэта пісаць, хай гэта застанецца зь ім разам”.

(Разанава: ) “Гэта здарылася раптоўна адрозна ад таго, што пісалі раней, быццам бы ў яго ёсьць нейкія праблемы. Гэта раптоўнае захворваньне”.