Да другога туру прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін зноў адведае Ўкраіну

КІЕЎ. Ва Ўкраіне адсёньня дазволеная агітацыя кандыдатаў, якія выйшлі ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. У сераду Цэнтарвыбаркам абвесьціў вынікі першага тура, паводле якіх кандыдат ад апазыцыі Віктар Юшчанка на паўпрацэнта апярэдзіў свайго суперніка – дзейнага прэм’ер-міністра Ўкраіны Віктара Януковіча. Віктар Юшчанка выразіў непакой адносна празрыстасьці і справядлівасьці другога туру украінскіх выбараў. Раней такі ж непакой неаднаразова выказвалі прадстаўнікі выбарчага штабу Віктара Януковіча. Пяць украінскіх тэлеканалаў абвесьцілі аб гатоўнасьці арганізаваць тэледэбаты паміж кандыдатамі. Другі тур выбараў адбудзецца 21 лістапада. Міжтым Міжнародная Гэльсынкская фэдэрацыя па абароне правоў чалавека заявіла, што ўкраінскія ўлады “умешваліся ва ўсе стадыі выбарчага працэсу". Гэльсынкская фэдэрацыя наракае на падтрымку Віктара Януковіча, якую аказвалі дзяржаўныя СМІ і чыноўнікі. Стала вядома, што прэзыдэнт Расеі Пуцін зноў адведае Ўкраіну у пятніцу.