Лідэр рок-гурту “Whitesnake” Дэвід Кавэрдэйл: “Палітыкі, якія забараняюць музыку, маюць вельмі дрэнны густ”

Ігар Карней, Менск У менскім Палацы спорту ўпершыню за ўсю гісторыю свайго існаваньня даюць адзіны канцэрт музыкі славутага рок-гурту “Whitesnake”. Візыт “Белай зьмяі” у Беларусь адбываецца ў рамках эўрапейскага туру, Менск — перадапошні пункт у трохмесяцовым гастрольным графіку брытанскага калектыву. Напярэдадні зь нязьменным лідэрам калектыву і ягонымі сябрамі размаўляў наш карэспандэнт.
Арганізатары выступу “Whitesnake” у Беларусі, супрацоўнікі прадусарскага цэнтру “Класс Клуб Джаз Крафт”, яшчэ ўчора былі ў роспачы. Дэвід Кавэрдэйл зьявіўся ў Менску ў страшнай дэпрэсіі. Напярэдадні ў Таліне эстонскія журналісты пасыпалі соль на старыя раны, заявіўшы, што першым нумарам у рок-рэйтынгу навечна застанецца Робэрт Плант (экс-“Lеd Zeppelin”), а Кавэрдэйл у лепшым выпадку можа разьлічваць на месца ў тройцы. Пакрыўджаны лідэр “Whitesnake” ляснуў дзьвярыма і заявіў, што заплянаванай на 9 лістапада сустрэчы з журналістамі ў Менску ня будзе. Гаворыць прадстаўніца “Класс клуба” Сьвятлана Гур’ева:

(Гур’ева: ) “Ён думаў, што Беларусь — таксама балтыйская краіна, з усімі наступствамі. І таму ён не хацеў зь беларускамі журналістамі размаўляюць”.

Учора Кавэрдэйл перадумаў і адвёў журналістам 15 хвілінаў на пытаньні пра 30-гадовую гісторыю гурту. Найперш расказаў, як музыкі калектыву вытрымліваюць такі гастрольны маратон:

(Кавэрдэйл: ) “Мы ўжо болей за 2,5 месяца на гастролях. Ніякага перапынку, сем дзён на тыдзень, 24 гадзіны на суткі мы разам. Іншымі словамі, вельмі канцэнтраваныя зносіны. Толькі ўзаемная павага і пачуцьцё гумару дазваляюць нам выносіць адзін аднаго і быць так доўга разам”.

Пасьля гэтага легендарны рокер расказаў, што некалькі разоў зьбіраўся “завязаць” з музыкай. І Робэрт Плант, як аказалася, тут ні пры чым.

(Кавэрдэйл: ) “Я вельмі шмат гастраляваў, і мая дачка фактычна расла безь мяне. Добра, што ведала, што я ейны бацька… І я нарэшце зразумеў, як важна мець сувязь са сваёй дачкой. І якраз сёлета яна блаславіла мяне ўнукам. І цяпер я — рок-н-рольны дзядуля”.

У час СССР “Whitesnake” быў забаронены ідэалягічнымі інструкцыямі. Цяпер аналягічныя праблемы маюць і некаторыя беларускія гурты. Дэвід Кавэрдэйл з гэтай нагоды заявіў, што дзяржаўныя чыноўнікі ня маюць права забараняць музыку толькі таму, што яна ім не падабаецца:

(Кавэрдэйл: ) “Ні ў якім разе. Я за свабоду індывідуўма, асабліва ў тым выпадку, калі ён ніяк ня шкодзіць іншым. І палітыкі, апроч усяго, маюць, як правіла, вельмі дрэнны густ датычна музыкі. Але мне вельмі даспадобы само слова “свабода”.