Узгадаць ці згадаць?

Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
У сучасным маўленьні й на пісьме суіснуюць дзеясловы ўзгадаць, узгадваць і згадаць, згадваць, назоўнікі ўзгадка й згадка. Якія з гэтых формаў, зь якой прыстаўкаю, больш апраўданыя ў літаратурным маўленьні? Нарматыўныя слоўнікі фіксуюць толькі словы з прыстаўкавым з-: згадаць і згадваць, згадацца й згадвацца, згаданы, згадваньне, згадка. Такі падыход несумненна слушны, бо формы з прыстаўкаю уз- (узгадаць, узгадка ды інш.) у прасторы жывой народнай мовы былі й застаюцца вузкарэгіянальнымі, а ў кантэксьце літаратурнай мовы могуць разглядацца як кантамінаваныя, мяшаныя (напрыклад, форма ўзгадаць успрымаецца як вынік афармленьня слова згадаць на ўзор дзеяслова ўспомніць). Выбар на карысьць словаў згадаць, згадка – гэта выбар традыцыйных у літаратурным ужытку сродкаў. Згадаць – у Багдановіча й Купалы, Куляшова й Караткевіча, Быкава й Брыля.

І яшчэ трохі – пра значэньні дзеяслова згадаць. У сучасным літаратурным маўленьні згадаць ужываюць звычайна толькі ў сэнсе ‘ўспомніць’, ігнаруючы тым самым другое, традыцыйнае й рэгулярнае ў аўтэнтычнай мове, значэньне. “Дзяўчына... ведама, дзяўчына – хто там згадаў, што ў ёй сядзіць”, – пісаў Купала. “Ім ня сьцяць маіх думак і сэрца, не згадаць іх жыцьцёвы сакрэт”, – гэта ўжо радкі з паэзіі Алеся Салаўя. У прыведзеных ілюстрацыях згадаць значыць ‘угадаць’. Вось жа памятайма: дзеяслоў згадаць мае ў літаратурнай мове два значэньні: ‘успомніць’ і ‘ўгадаць’ (напрыклад, згадаць былое ‘ўспомніць былое’ й згадаць загадку ‘ўгадаць загадку’).