“Polityka”: усё больш беларусаў хочуць жыць у свабодным грамадзтве

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Аўтарытэтны польскі штотыднёвы часопіс “Polityka” ў апошнім нумары зьмяшчае вялікі матэрыял, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі пасьля выбараў і рэфэрэндуму. Паводле аўтараў артыкулу, нягледзячы на арышты і рэпрэсіі, усё больш беларусаў хочуць жыць у свабодным грамадзтве.
“За час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, колькасьць асобаў, што працуюць на дзяржаву ў самых розных мундзірах, павялічылася на чвэрць. У Беларусі цяпер больш міліцыі, чым у Польшчы, хаця ў Польшчы жыве ў чатыры разы больш людзей. Да гэтага трэба дадаць моцна разбудаваныя структуры КГБ і войска”, піша “Polityka”.

Часопіс распавядае, што пасьля апошніх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі, актывісты апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў складаюць сьпісы, каго і ў які час сустракаць пасьля сканчэньня тэрміну пакараньня каля пастарункаў і спэцпрыёмнікаў-разьмеркавальнікаў.

“Сярод тых студэнтаў, хто галасаваў у дзень выбараў, 70% прагаласавалі на рэфэрэндуме супраць прапановы беларускага кіраўніка, але калі адкрылі скрынку для папярэдняга галасаваньня, там ляжалі акуратныя стосы бюлетэняў, дзе за было ўжо 99% галасоў”, распавядае “Polityka” пра выпадак у адным зь менскіх інтэрнатаў.

Далей часопіс піша пра тое, што штрафы за ўдзел у якіх-заўгодна акцыях пратэсту вельмі вялікія, а акрамя гэтага, за палітычную актыўнасьць у Беларусі можна заплаціць здароўем.

“Улады ліквідуюць незалежныя выданьні, цяжкая сытуацыя і з арганізацыяй канцэртаў, дзе выканаўцы сьпяваюць па-беларуску, таму у Беларусі ўсё больш папулярныя гэтак званыя “кватэрнікі” – падпольныя клюбы й канцэртныя залі, што арганізоўваюцца на адзін вечар у кватэрах”, піша часопіс.

Але, паводле “Politykі”, нягледзячы на арышты і рэпрэсіі, усё больш беларусаў хочуць жыць у свабодным грамадзтве.

“Генэральная рэпэтыцыя ў гэтай справе ўжо была. У часе пахаваньня Васіля Быкава, калі дзесяткі тысячаў беларусаў прыйшлі разьвітацца зь вялікім беларускім пісьменьнікам з забароненымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. На здымках з працэсіі выразна відаць, як міліцыя спрабуе перашкодзіць людзям, але пабачыўшы іх колькасьць і рашучасьць, паціху адступае – некаторыя проста зьмешваюцца з натоўпам”, падсумоўвае аўтарка артыкулу Мартына Бунда.