Студэнты зьбіраюць подпісы ў абарону актывісткі “Зубра”

Галіна Абакунчык, Менск Студэнты менскага пэдкаледжу №1 распачалі збор подпісаў у абарону сваёй каляжанкі, сябра руху “Зубр” Дар’і Малдаванавай. Адміністрацыя гэтай навучальнай установы пагражае выключыць Дар’ю Малдаванаву з каледжу за ўдзел у вулічных акцыях, якія адбыліся на знак пратэсту супраць фальсыфікацыяў падчас выбараў і рэфэрэндуму. За першы дзень ініцыятывы актывістку “Зубра” сваімі подпісамі падтрымалі больш за 50 чалавек.
Дар’я Малдаванава – не адзіная студэнтка каледжу, хто выйшаў на Кастрычніцкі пляц Менску, каб выказаць сваю нязгоду з афіцыйнымі вынікамі выбараў і рэфэрэндуму. Але актывістка “Зубра” была асуджаная на 10 сутак арышту. Гэты факт прыцягнуў асаблівую ўвагу адміністрацыі каледжу. Студэнтку папярэдзілі пра несумяшчальнасьць навучаньня й палітычнай дзейнасьці.

Большасьць студэнтаў выступілі ў абарону каляжанкі – паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода адна з ініцыятарак збору подпісаў Кацярына Клімко.

(Клімко: ) “Студэнты ў пераважнай большасьці падтрымліваюць яе і не разумеюць адміністрацыю нашага каледжа, якая зьбіраецца выключыць чалавека толькі за ягоныя палітычныя погляды. Таму подпісы зьбіраюцца вельмі хутка, нават у незнаёмых людзей. Пытаюцца таксама чым яшчэ можна дапамагчы Дашы”.

Паводле Кацярыны Клімко, адміністрацыя каледжу наўпрост не перашкаджала, але патрабавала ад актывістаў спыніць акцыю. Тым ня менш, студэнты зьбіраюцца працягнуць збор подпісаў.