Ці абстрэльвалі беларускія наёмнікі ў Кот-д’Івуару францускіх міратворцаў?

Юры Сьвірко, Менск Міністарка абароны Францыі заявіла, што дзевяць францускіх міратворцаў у гэтай афрыканскай краіне былі расстраляныя з двух самалётаў Су, якімі кіравалі два беларускія наёмнікі. Міністэрства абароны Кот-д’Івуару абвяргае гэтую заяву міністаркі абароны Францыі. Выявілася аднак, што гэтыя самалёты абслугоўваюцца 15 мэханікамі зь Беларусі. Беларускае міністэрства абароны кажа, што дзейных афіцэраў за межамі краіны няма, а за адстаўнікоў яно не адказвае.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Кот-д’Івуару палкоўнік Корэ абвяргае заяву міністаркі абароны Францыі пра тое, што два беларускія пілёты наўмысна расстралялі з самалёту Су групу францускіх міратворцаў.

(Корэ: ) “Пілёта – івуарскага пілёта – завуць Анж, ён лейтэнант. Ён выбраўся з самалёту, калі вярнуўся зь місіі ў аэрапорт. Праз 10 хвілін зьявіліся яны [французы] й расстралялі самалёт”.

Паводле францускіх крыніцаў, гэта быў захад у адказ, бо івуарскі самалёт двойчы праляцеў над будынкам міратворцаў і адкрыў агонь з трэцяга заходу.

На пытаньне, ці быў гэты самалёт адзіным, івуарскі палкоўнік Корэ адказаў, што ў аэрапорце зьнішчылі адзін самалёт.

Калі я спытаўся, ці служаць у Кот-д’Івуары беларускія афіцэры, дык пачуў ад прадстаўніка міністэрства абароны гэтай краіны наступны адказ:

(Корэ: ) “О, мы маем толькі мэханікаў. Яны цяпер у аэрапорце Абіджану”.

(Карэспандэнт: ) “І гэтыя мэханікі зь Беларусі?”

(Корэ: ) “Так. Іх павінна быць каля 15 чалавек”.

Тым часам начальнік інфармацыйнага цэнтру камандаваньня вайскова-паветранымі сіламі й войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Ўладзімер Лаўрынюк сказаў Радыё Свабода, што сачыў за падзеямі ў Кот-д’Івуары па тэлебачаньні:

Аднак спадар Лаўрынюк быў зьдзіўлены паведамляньнямі пра беларускі сьлед у гэтым канфлікце:

(Лаўрынюк: ) “Адкуль яны ўзялі, што гэта беларускія вайскоўцы там, і адкуль беларускія самалёты “Су-25” там апынуліся? Адназначна скажу, што нашых вайскоўцаў, тым больш лётнага складу за межамі Рэспублікі Беларусь нідзе не знаходзіцца. Наконт былых нічога не магу сказаць”.

Аднак прадстаўнік беларускай вайсковай авіяцыі зазначыў, што вэрбуюць наёмнікаў звычайна праз пасярэднікаў.