Камень Пілсудзкага на Вілейшчыне ўсё ж знайшлі

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць На Вілейшчыне знойдзены камень з прысьвячэньнем маршалу Пілсудзкаму. Гэты камень зь нядаўняга часу апынуўся ў цэнтры скандалу, зьвязанага з парушэньнем беларуска-польскіх дамоўленасьцяў.
Камень знойдзены ў тым жа Вілейскім раёне. Сёньня ў размове са мной гэта пацьвердзіў і прадстаўнік амбасады Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька:

(Буцька: ) “Паводле нашых дадзеных, знайшоўся і ёсьць. У якім месцы, там ведаюць у Вілейскім раёне. Гэты камень там ў іх. Ён пастаўлены мясцовым насельніцтвам зь вёскі Буцькі, і ён у гонар маршала Пілсудзкага. Гэта адзін з самых вялікіх, калі не самы вялікі наш герой. Будзем забіраць калі, дакладна не магу сказаць”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе яго будзеце ўсталёўваць?”

(Буцька: ) “На тэрыторыі амбасады”.

Згаданы камень быў помнікам, усталяваным ля вілейскай вёскі Буцькі ў 1935 годзе – пасьля сьмерці Пілсудзкага.

Згадвае пэнсіянэр з гэтай вёскі Тадэвуш Вялічка:

(Вялічка: ) “Яшчэ перад вайной там паставілі школу. І паставілі камень. Мэтры два ў вышыню. Але тады партызаны школу спалілі, а бальшавікі склікалі школьнікаў і зьвярнулі камень з пастамэнту. І ён так і валяўся”.

Некалькі месяцаў таму ініцыятыву амбасады Польшчы ў Беларусі пра перанос каменя ў Менск беларускія ўлады задаволілі. Аднак калі прадстаўнікі амбасады прыехалі нядаўна забіраць двухмэтровы валун, яго на ранейшым месцы не аказалася. Зьнік.

Аднак, як зараз высьвятляецца, яго не скралі, а перавезьлі ў Вілейку сябры мясцовага краязнаўчага гуртка. Распавядае краязнаўца Анатоль Рогач, які працуе ў Вілейцы начальнікам раённых электрасетак:

(Рогач: ) “Мы пра тое, што аддаюць, нічога ня ведалі. Пагрузіць яго было вельмі складана. Ён больш за дзьве тоны важыць і цяжка заехаць. Прывезьлі яго і думалі ўсталяваць тут – месца ўпісваецца па ляндшафце”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе яго хацелі ўстанавіць?”

(Рогач: ) “У Вілейцы. Ужо там ёсьць некалькі камянёў. Гістарычныя”.

Гэта быў вілейскі краязнаўца Анатоль Рогач.