Выбіраць членаў Савету Рэспублікі дазволяць ня ўсім дэпутатам

Сяргей Астраўцоў, Горадня Дэпутаты мясцовых саветаў Гарадзеншчыны 9 лістапада будуць выбіраць у Горадні восем членаў Савету Рэспублікі. Выбары адбудуцца на безальтэрнатыўнай аснове. Але прагаласаваць змогуць ня ўсе дэпутаты. Напрыклад, у сьпіс упаўнаважаных галасаваць з 31 дэпутата Мастоўскага райсавету ўключылі толькі 20 дэпутатаў.
Ня трапілі ў гэты сьпіс і два дэпутаты райсавету, якія ўдзельнічалі ў нядаўніх выбарах у Палату прадстаўнікоў — Аляксандар Пудаўкін ад ПКБ і Алесь Зарэмбюк — ад “Маладой Беларусі”. Не ўключылі іх таму, што “не знайшлі”, як патлумачылі спадару Зарэмбюку, хаця ў абодвух ёсьць мабільныя тэлефоны. Паводле яго, кіраўнік райсавету Рыгор Каробка папросту вырашыў дазволіць галасаваць толькі самым “надзейным”, з пункту гледжаньня ўладаў, дэпутатам. Тым самым, 11 тысячаў выбаршчыкаў, якіх прадстаўляюць у раённым савеце 11 дэпутатаў, будуць пазбаўлены магчымасьці праз сваіх прадстаўнікоў уплываць на выбар членаў Савету Рэспублікі, мяркуе Алесь Зарэмбюк.