У Менску й іншых гарадох Беларусі прайшлі акцыі пратэсту незалежнага прафсаюзу РЭПАМ

Галіна Абакунчык, Менск У Менску, Магілёве, Гомелі й Горадні адбыліся пікеты пратэсту супраць дыскрымінацыі ўладамі незалежных прафсаюзаў Беларусі й парушэньня правоў працоўных. Арганізатарам акцыі выступіў прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці й аўтасельгасмашу (РЭПАМ), закрыты на ініцыятыву Міністэрства юстыцыі. Акцыя пратэсту была прымеркаваная да дня адкрыцьця ў Жэнэве чарговага паседжаньня Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы, якая мае абмеркаваць беларускае пытаньне.
Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі на менскі пляц Ванеева з плякатамі “Кантракт – пятля для працоўных”, “Не – рабскаму закону аб прафсаюзах”. На знак салідарнасьці зь пікетоўцамі ўдзел у акцыі ўзялі прадстаўнікі іншых незалежных аб’яднаньняў, а таксама праўрадавай Фэдэрацыі прафсаюзаў. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода пра свой удзел у акцыі:

(Спадар: ) “Немагчыма ўжо глядзець на гэтае бяспраўе”.

(Спадар: ) “Прафсаюз – гэта ня толькі фэдэрацыя Козіка. Адзіная акцыя, якую яны правялі, – гэта мітынг у падтрымку Садама Хусэйна”.

(Спадар: ) “А вось пытаньняў заробку, аховы працы, кантрактызацыі яны не закранаюць. Таму я тут”.

Гаварылі сябры незалежнага прафсаюзу і ўдзельнікі акцыі пратэсту. Мінакі, якіх у час пік у гэтай частцы гораду шмат, спыняліся, чыталі плякаты, гутарылі зь пікетоўцамі й выказвалі сваю пазыцыю да ўбачанага.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы тут цяпер?”

(Спадар: ) “Я тут, бо разумею: Лукашэнка – ня наш прэзыдэнт. Я вайсковы пэнсіянэр і мог бы хваліць Лукашэнку, а гэтым людзям сказаць, што вы тут гарлапаны сабраліся. Але ж я турбуюся за сваіх дзяцей, унукаў і ўвогуле за Беларусь”.

Акцыя пратэсту была скіраваная ў першую чаргу супраць закрыцьця аб’яднанага незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці й аўтасельгасмашу. Сваёй акцыяй арганізатары хацелі таксама выказаць салідарнасьць зь незалежным прафсаюзным рухам. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў адзін з арганізатараў акцыі сустаршыня зачыненага прафсаюзу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “У ніводнай краіне сьвету няма масавага пераводу працоўных на кантракты. Для таго, каб чыніць гэтае бяспраўе, улады забараняюць дзейнасьць незалежных прафсаюзаў. Таму мы сёньня й пратэстуем супраць гэтага”.

Акцыя пратэсту, якая прайшла таксама ў абласных цэнтрах краіны.

Акцыі былі прымеркаваная да чарговага паседжаньня Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы, якое сёньня пачалося ў Жэнэве. Гэтым разам на абмеркаваньне рады вынесенае й беларускае пытаньне.

Сытуацыю ў Беларусі Адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы будзе разглядаць на падставе фактаў, прыведзеных у справаздачы Адмысловай камісіі МАП. Вывучыўшы сытуацыю ў Беларусі, гэтая камісія заявіла пра перасьлед беларускімі ўладамі незалежнага прафсаюзнага руху й яго сяброў, пра ўмяшаньне ўладаў у дзейнасьць прафсаюзаў. Парушэньне правоў працоўных ува ўсім сьвеце прыраўноўваецца да парушэньня правоў чалавека. Таксама ў зьвязку з парушэньнем беларускімі ўладамі статуту Міжнароднай арганізацыі працы Адміністрацыйная рада мае намер зьвярнуцца да Эўразьвязу з прапановай увесьці супраць уладаў Беларусі эканамічныя санкцыі.