Прадстаўнікі палат Нацыянальнага сходу Беларусі камэнтуюць перамогу Джорджа Буша на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША

Алесь Дашчынскі, Менск Як адаб’ецца перамога Джорджа Буша на стасунках паміж ЗША і Беларусьсю?
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян заявіў:

(Касьцян: ) “Што да Буша, то ўсё залежыць ад яго, хочуць яны мець добрыя адносіны з Рэспублікай Беларусь ці не. Калі яны хочуць, то мы гатовыя мець гэтыя адносіны”.

Аднак, паводле спадара Касьцяна, афіцыйны Менск не зьбіраецца рабіць нейкіх захадаў дзеля пераменаў.

(Касьцян: ) “Мы нічога ня будзем рабіць, нічога. У нас усё зроблена для гэтага, мы гатовыя да раўнапраўнай супрацы”.

Дэпутат Сяргей Гайдукевіч, лідэр ЛДП, вітае перамогу Джорджа Буша. Які яна будзе мець уплыў на сытуацыю ў Беларусі?

(Гайдукевіч: ) “Перамога Буша дае вельмі многа для нашай дзяржавы. Гэта азначае, што рашэньні, якія будуць прымацца, будуць узгадняцца з Уладзімерам Пуціным, адназначна”.

Сябра Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец удзельнічаў у назіраньні за выбарамі ў ЗША.

Які ўплыў будзе мець на Беларусь абраньне Джорджа Буша на ягоную думку?

(Чаргінец: ) “Я думаю, можна казаць з надзеяй, нягледзячы на тое, што Буш падпісаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, у нас усё ж многа і прававога поля, і чыста практычнага, этычнага для таго, каб не пагаршаць адносіны, а паляпшаць іх”.

На фотаздымку: Мікалай Чаргінец