“Народная воля” друкуе адкрыты ліст міністру інфармацыі Ўладзіміру Русакевічу

Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку
“Народная воля” ў сёньняшнім нумары інфармуе сваіх чытачоў пра перамогу Джорджа Буша на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Яна тлумачыць правілы, паводле якіх адбываецца падлік галасоў у спаборніцтве прэтэндэнтаў на галоўную пасаду гэтай краіны. Газэта таксама нагадвае, што менавіта Джордж Буш некалькі тыдняў таму падпісаў шмат каму вядомы зараз дакумэнт – “Акт пра дэмакратыю ў Беларусі”.

Яшчэ адна адметная публікацыя гэтага выданьня–адкрыты ліст міністру інфармацыі Ўладзіміру Русакевічу. “Народная воля” зьвяртае яго ўвагу на факт галадоўкі ў Ваўкавыску рэдактара “Мясцовай газэты” Андрэя Шантаровіча, акцыя пратэсту якога доўжыцца ўжо шаснаццаты дзень. “Вы – міністар інфармацыі, а ня кат свабоднага слова”, зазначаецца ў лісьце да спадара Русакевіча. “Народная воля” просіць: “Скажыце сваё слова – ня дайце памерці Андрэю Шантаровічу”.

“Кур’ер з Барысава” вяртаецца да тэмы нядаўніх выбараў і рэфэрэндуму. Газэта зрабіла спробу даведацца ў Барысаўскай тэрытарыяльнай камісіі, якая займалася пытаньнямі рэфэрэндуму, пра колькасьць жыхароў горада, што бралі ўдзел у галасаваньні. Аднак старшыня гэтай камісіі Валянціна Шутко адмовілася агучыць гэтую лічбу для чытачоў газэты. Давялося рэдакцыі зьвяртацца ў Цэнтрвыбаркам. Аднак там патлумачылі, што зьвесткі пра вынікі рэфэрэндуму ў Барысаве ведае толькі мясцовая камісія. Газэта зноў накіравала запыт у тэрытарыяльную камісію, якая пакуль маўчыць. “Кур’ер” у недаўменьні: чым выклікана такая сакрэтнасьць? Адказ на гэтае пытаньне чытачы барысаўскага выданьня, магчыма, даведаюцца ў яго наступных нумарах.

“Камэрцыйны кур’ер”, які выдаецца ў Бабруйску, інфармуе сваіх чытачоў пра адметную культурніцкую падзею, якая заплянаваная ў гэтым горадзе на сёньня. У рамках міжнароднага праекта “Мэдыя-аўтобус” у Бабруйск прыедзе перасоўная бібліятэка зь літаратурай на нямецкай і францускай мовах. Бабруйчанам будзе прадстаўленая магчымасьць азнаёміцца з гэтай літаратурай, запісацца на абанэмэнт, і ў далейшым атрымоўваць кнігі таго ж Дзюма альбо Шылера на мове арыгіналу. Як паведамляе бабруйская газэта, у ліку ініцыятараў гэтага праекту, арыентаванага на жыхароў беларускай глыбінкі – амбасады Нямеччыны і Францыі ў Беларусі. Якраз амбасадары гэтых краін, паводле выданьня, і будуць сёньня ў Бабруйску браць удзел у сустрэчы зь мясцовымі аматарамі нямецка- і францускамоўнай літаратуры.