Беларускім крышнаітам пагражае ліквідацыя

Любоў Лунёва, Менск У Цэнтральным судзе Менску пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы супраць суполкі крышнаітаў. Вернікі апынуліся перад пагрозай страты будынка, у якім адбываюцца набажэнствы.
Судзьдзя Аляксей Бычко пачаў разгляд адміністрацыйнай справы супраць суполкі крышнаітаў. Інспэктар аддзелу грамадзкай бясьпекі Цэнтральнага раёну Менску капітан Несьцяровіч абвінаваціў крышнаітаў у тым, што яны ў прыватным доме на вуліцы Паўлава ладзяць свае набажэнствы, што нібыта забаронена дзейным заканадаўствам. Міліцыянт спаслаўся на адсутнасьць дазволу з боку райвыканкаму.

Сябры суполкі ў судзе патлумачылі, што чатырнаццаць гадоў зьбіраюцца ў гэтым прыватным доме, гэта юрыдычны адрас суполкі. Дагэтуль ніякіх прэтэнзіяў да іх не было. Яны лічаць, што з гэтай судовай справы можа пачацца працэдура закрыцьця крышнаіцкай суполкі. Вернік Сяргей Малахоўскі заявіў Радыё Свабода:

(Малахоўскі: ) “Гэты пратакол — першы крок у зьнішчэньні суполкі. Нас хочуць пазбавіць юрыдычнага адрасу і сумесных набажэнстваў у адзіным у Беларусі храме. Тое, што дзяржава дае прыярытэт аднаму рэлігійнаму напрамку над іншымі, не спрыяе кансалідацыі нацыі, а стварае міжрэлігійную напружанасьць. Гэта вядзе да таго, што й тая рэлігія, якой дзяржава дае зялёнае сьвятло, сама выраджаецца. Туды прыходзяць людзі, у якіх карысьлівая зацікаўленасьць. Царква павінна дапамагаць людзям зьвяртацца да Бога. Не яе справа ўмешвацца ва ўнутраную палітыку, атрымліваць ад дзяржавы фінансавую ці іншую дапамогу. Тое, што астатнія рэлігіі церпяць уціск, прывядзе да расколу грамадзтва”.

Судзьдзя Аляксей Бычко паведаміў, што вынесе прысуд пасьля таго, як апытае міліцыянта.

На 4 лістапада прызначылі яшчэ адно судовае паседжаньне, на якім будзе разглядацца пытаньне перарэгістрацыі суполкі.

***

Індуісцкая рэлігія адна з самых старажытных рэлігіяў цывілізацыі. існавала тысячагодзьдзі да ўзьнікненьня хрысьціянства. Яна мае некалькі напрамкаў. Сьвядомасьць Крышны гэта сьветапогляд, які абапіраецца на філязофію старажытнаіндыйскай кнігі “Бхагават-Гіта”.

Каля 40 гадоў таму хіпі й іншыя прыхільнікі нефармальных рухаў на Захадзе пачалі цікавіцца рэлігійнай культурай малавядомай Індыі. Менавіта тады ў ЗША зьяўляецца індыец Бхактыведант Свамі Прадхулада і стварае рэлігійны рух – крышнаізм. Упершыню індуісцкае вучэньне ўвайшло ў масавую сьвядомасьць заходняга чалавека. У Савецкім Саюзе рух крышнаітаў зьявіўся ў 70-я гады і перасьледваўся. У Беларусі першыя прыхільнікі крышнаітаў з’явіліся ў 80-я гады. Гэта былі прадстаўнікі высокаадукаванай моладзі ў навукова-дасьледчых інстытутах і тэатральна-мастацкім асяродзьдзі.

З 1990 года ў Менску ў прыватным доме на вуліцы Паўлава яны час ад часу зьбіраюцца разам. Гэта адзінае месца сходу, дзе ім дагэтуль не ладзілі перашкодаў.