У Горадні судзяць трох чалавек за бел-чырвона-белыя сьцягі

Сяргей Астраўцоў, Горадня і Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў горадзе Сьвіслачы пачаўся суд над трыма ўдзельнікамі сьвята, прысьвечанага братам Каліноўскім — Віктару і Кастусю.
Учора сьвіслацкая міліцыя затрымала гарадзенцаў Сяргея Мальчыка — старшыню абласной арганізацыі партыі БНФ, актывіста партыі Вадзіма Саранчукова і Віктара Сазонава — кіраўніка гарадзкой партыйнай арганізацыі БСДГ.

Міліцыянты склалі пратакол аб выкарыстаньні незарэгістраванай сымболікі — бел-чырвона-белых сьцягоў. Сёньня міліцыянты склалі яшчэ адзін пратакол — аб несанкцыянаваным шэсьці. На судзе ў другой палове дня Мальчык, Саранчукоў і Сазонаў хадайнічалі аб магчымасьці мець адваката. У сувязі з гэтым паседжаньне перанесена на чацьвер 4 лістапада.

Вадзім Саранчукоў сказаў Радыё Свабода:

(Саранчукоў: ) “Учора на нас было складзена па адным пратаколе. Сёньня з раніцы, калі мы прыехалі, суд не распачынаўся і не распачынаўся, і ў выніку пасьля абеду зьявілася яшчэ па адным пратаколе. Такім чынам, на нас было складзена па два пратаколы. Гэта ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці і выкарыстаньне сымболікі, незарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку”.

Спадары Мальчык, Саранчукоў і Сазонаў былі затрыманыя ўчора ў Сьвіслачы мясцовымі міліцыянтамі за ўдзел у акцыі ўшанаваньня памяці братоў Каліноўскіх. Такое ўшанаваньне, паводле яшчэ аднаго актывіста партыі БНФ Кастуся Жыня, мае 9-гадовую традыцыю і адбываецца на Дзяды:

(Жынь: ) “Мы з групай дзесьці каля трыццаці чалавек прыехалі ў Сьвіслач, усклалі кветкі на магілу брата Каліноўскага. Потым падышлі з кветкамі да помніка Каліноўскаму, да помніка Траўгута. І нас каля помніка Каліноўскага нас атачыла міліцыя”.

Адметна, што сёлетняя рэакцыя міліцыянтаў парушыла шматгадовую “мірную” традыцыю ўшанаваньня памяці братоў Каліноўскіх. Чаму? Вось якое меркаваньне на гэты конт выказаў Вадзім Саранчукоў:

(Саранчукоў: ) “Цалкам верагодна пасьля вынікаў сумнавядомага рэфэрэндуму міліцыя вырашыла пайсьці на эскаляцыю канфлікту. На ўсе пытаньні яны адказвалі толькі апусьціўшы долу вочы. За ноч, якая адбылася з учорашняга дня на сёньняшні, атрыманы загад. Бо міліцыянты бегалі з кабінэта ў кабінэт, пастаянна кансультаваліся. І зразумела, што па двух пратаколах, хутчэй за ўсё, будзе максымальнае пакараньне”.

Разгляд справы трох гарадзенскіх дэмакратаў Сьвіслацкі суд прадоўжыць у бліжэйшы чацьвер.

Гл. таксама • Павал Мажэйка, якога пасадзілі на сем сутак за слова “журналістаў”, абвясьціў галадоўку а кратамі