ТУЗЛА. Экспэрты судовай мэдыцыны ў Босьніі паведамілі, што яны знайшлі 94 целы ахвяраў масавых забойстваў ў Срэбрэніцы ў 1995 годзе.
Паводле кіраўніка камісіі ў справах зьніклых людзей ў мусульманска-харвацкай частцы Босьніі - Мурата Гурціча, магіла была знойдзеная ў Снагаве каля гораду Зворнік. Са знойдзеных пры парэштках дакумэнтаў вынікае , што гэта былі мусульмане забітыя ў 95 годзе недалёка ад Срэбрэніцы.
Аказалася, што гэта ўжо другое месца пахаваньня, паколькі целы былі перазахаваныя, каб утаіць праўду пра забойствы. Гурціч паведаміў, што ўсе забітыя - мужчыны, сярод якіх ёсьць і непаўнагадовыя.