У Беларусі зьявіцца нямецка-францускі “Мэдыя-аўтобус”

Галіна Абакунчык, Менск Амбасады Нямеччыны й Францыі ў Беларусі абвясьцілі пра пачатак супольнага гуманітарнага праекту пад назваю “Мэдыя-аўтобус”. Мэтай акцыі ёсьць забесьпячэньне жыхароў беларускай правінцыі інфармацыяй пра гісторыю й сучаснасьць эўрапейскіх краінаў.
“Мэдыя-аўтобус” – гэта сапраўдны аўтобус, абсталяваны пад бібліятэку, які будзе развозіць мастацкую й спэцыялізаваную літаратуру па невялікіх гарадах у розныя рэгіёны краіны. Гэтая літаратура перакладзеная на беларускую й расейскую мовы, а для выкладчыкаў, студэнтаў, ці іншай катэгорыі жыхароў, што валодаюць замежнымі мовамі – літаратура застаецца на мове арыгіналу. Істотна тое, што гэта ня будзе бібліятэка з фондам 20-гадовай даўніны – як гэта часта можна пабачыць у правінцыйных месцах Беларусі. Вось што ў інтэрвію Свабодзе паведаміў адзін зь ініцыятараў гэтага праекту, дырэктар франка-беларускай залі інфармацыі, якая месьціцца ў менскай бібліятэцы імя Пушкіна, Мікола Жакен:

(Жакен: ) “Гэтыя фонды тычацца сучаснай Нямеччыны й Францыі. Гэта азначае, што ў біблія-аўтобусе вы ня знойдзеце традыцыйнай бібліятэкі, а сучасныя носьбіты інфармацыі – кампакт-дыскі, аўдыё й відэазапісы, а таксама сучасныя газэты й часопісы”.

Паводле спадара Жакена, карыстаньне ўсёй гэтай літаратурай, пэрыёдыкай, аўдыё- й відэазапісамі будзе бясплатным. Калі ўлічыць, што карыстаньне бібліятэкай у Беларусі цяпер каштуе грошай, а інтэрнэт у правінцыі амаль недаступны, то гэта – вельмі істотны ўнёсак у пашырэньне кругагляду местачкоўцаў. Адзіная ўмова – быць чытачом мясцовай бібліятэкі.

Практычна гэта будзе выглядаць так: аўтобус спыняецца каля гарадзкой бібліятэкі й цягам дня выдае патрэбныя носьбіты інфармацыі, а праз два тыдні вяртаецца, каб чытачы ці слухачы маглі гэта памяняць. І гэтак у кожным горадзе.

Калі й дзе маюць распачацца першыя вандроўкі “Мэдыя-аўтобусу”? Напачатку гэта будуць Бабруйск і Баранавічы, а затым – Ліда, Маладэчна й Барысаў, якія ёсьць найбліжэйшымі да Менску буйнымі гарадамі. Даехаць да аддаленых цэнтраў пакуль не дазваляе матэрыяльная й тэхнічная абмежаванасьць праекту.

Паводле спадара Жакена, хоць аўтобус і ня новы, але каштуе 7 тысячаў эўра. 5 тысячаў эўра штогод спатрэбіцца на ягонае ўтрыманьне, то бок – на паліва й рамонт. Таму яшчэ вядуцца перамовы з фундатарамі, якімі ёсьць буйныя замежныя кампаніі, і першыя вандроўкі распачнуцца толькі напачатку наступнага году.

Зрэшты, праект заплянаваны на 50 гадоў, таму “Мэдыя-аўтобус” пабывае ў многіх месцах Беларусі таксама. Дарэчы, дапамога айчынных уладаў у асобе Міністэрства культуры абмяжоўваецца толькі дазволам на выезд у заплянаваных кірунках. Зь якой мэтай распачынаюць гэты праект Нямеччына й Францыя, Мікола Жакен патлумачыў гэтак:

(Жакен: ) “Мы ніколі не сумняваліся, што ў Беларусі ёсьць людзі, якія цікавяцца Францыяй і Нямеччынай. Мы б хацелі абнавіць погляды беларусаў на нашыя краіны. Гэта значыць, што ёсьць публікацыі, якія людзі ня могуць чытаць, бо яны дарагія альбо недаступныя зь іншых прычынаў. А мы маем гэтую літаратуру, і карыстацца ёю – гэта сапраўдны цуд для людзей, якія цікавяцца Францыяй і Нямеччынай”.