Валянцін Акудовіч: Як беларусы свабоду любяць

Валянцін Акудовіч, Менск Новая перадача сэрыі “Чытальная заля”.
Свабода, як зубная шчотка, у кожнага свая. Гэта толькі разумнікі ў бібліятэках панавыдумлялі, быццам ёсьць нейкая агульная для ўсіх свабода. Каб яны ня ў кнігі ўглядаліся, а ў жыцьцё, дак хутка ўцямілі б, што свабода — рэч надзвычай канкрэтная, і таму з чужой волі іншаму няшмат карысьці.

Паразумеемся. Крот у нары ня менш свабодны за ластаўку ў небе. Проста ў іх розныя гарызонты і кшталты свабоды. І калі крата ўхапіць за карак і шпурлянуць у неба, то ён напэўна будзе мець рацыю, як палічыць гэта за гвалт, а не за дараваную яму свабоду трохі палётаць.

Прыкладам, асабіста для мяне, як для літаратара, свабода слова — гэта не абстракцыя, а тая ж самая прылада працы, што асадка ці аркуш паперы. Гэта значыць, зусім рэальная каштоўнасьць, за якую мне мае сэнс змагацца, бо без магчымасьці нязмушана выказваць свае думкі, я ня здолею напоўніцу адбыцца ў сваёй дзейнасьці, а з гэтага як бы не дажыву наканаванага мне веку. І таму той, хто адымае ў мяне свабоду слова, адымае ў мяне ня нешта абстрактнае, а крадзе маё, забірае ў мяне частку мяне самога. З гэтага зусім натуральна будзе, калі я крыкну яму: “Злодзей!..”

Але якую каштоўнасьць ўяўляе свабода слова, скажам, маім бацькам, якія за ўсё сваё жыцьцё не прачыталі ніводнай кніжкі, ніколі не гарталі газэт (за выняткам хіба тых выпадкаў, калі там друкаваўся фотаздымак іхнага сына), а па тэлевізары глядзелі адно мэлядраму. Дык што ім да таго, ёсьць там нейкая свабода выбараў у парлямэнт ці яе няма, забараняюць выдаваць камусьці газэты ці не. Вось калі б па вясьне забаранілі бульбу садзіць, а перад калядамі калоць парсюка — тады іншая рэч. З газэт і парлямэнту сытым ня будзеш, а з бульбы ды парсюка сам пражывеш, дзяцей выгадуеш і на ўнукаў яшчэ пасьпееш пацешыцца…

Адсюль недавер паспалітага чалавека да ўсялякіх свабод, што разумнікі выдумляюць, бо не відаць з тых вымудраў карысьці таму, хто жыве з мазаля. Пэўна, разумнікам зь іхнага шчыраваньня і абламаецца нейкая выгода, а простаму люду пры любой уладзе адна свабода: жыцьцё паміж хлевам і полем дарэшты стаптаць.

* * *

Рыхтуючы гэтае эсэ, я старанна перагарнуў два ладныя тамы “Прыказак і прымавак” і ня менш ладны том “Выслоўяў” зь “Бібліятэкі народнай творчасьці”. Уявіце сабе, сярод тысяч і тысяч самых розных трапных выразаў, у якіх найлепей выяўлены геній беларускага народу, мне ўсяго аднойчы сустрэлася слова “свабода”. Выпадковае, як занесенае аднекуль ветрам, яно выглядала чужаніцай у простай мове. Што, зрэшты, і натуральна, бо свабода аніякім чынам не адзіночылася з ранейшым жыцьцём беларуса.

Рамантыку, мабыць, немагчыма даць веры, што ў пэўныя эпохі нашыя продкі ня мелі патрэбы ў свабодзе і нават ведаць ня ведалі, з чым яе ядуць. Яны марылі аб лепшай долі, шанавалі людзкасьць, здаралася, на зьдзек адказвалі гвалтам, але ім і да галавы не было дбаць пра нейкую там свабоду.

Але хай рамантык лішне ня дзівіцца. Свабода без хоць якой улады — гэта не свабода, а ўсяго толькі беспрытульная воля жабрака. У Рымскай імпэрыі свабодныя плямёны барбараў добраахвотна прасіліся да рымлянаў у рабы, бо стан рабства забясьпечваў больш высокі ўзровень дабрабыту, чым жыцьцё ў нішчымнай волі. Прыкладна з той жа прычыны рабы-нэгры ў Паўночнай Амэрыцы самаахвярна падтрымлівалі сваіх рабаўладальнікаў у вайне з канфэдэратамі, што хацелі іх вызваліць ад рабства. Найбольш незадаволенымі адменай прыгоннага права ў Расейскай імпэрыі былі не памешчыкі, а самі прыгонныя, якім раней у бядзе і нястачы законам гарантавалася падтрымка пана.

Яшчэ раз паўторымся: свабода без улады — гэта жабрацтва. А беларуская вёска, дзе некалі й табарыўся ўвесь наш народ, не валодала хоць каліўцам якой улады. І нічога такога нават на даляглядзе яшчэ не паўставала. Дык што беларусам было да нейкай там свабоды? З чаго ім мелася пра яе дбаць і змагацца, калі ўся іх улада як была адно над скацінай у полі ды жонкай у хаце, гэтак і надалей мусіла застацца, колькі б яны не прарабілі паўстаньняў і рэвалюцый.

* * *

Была яшчэ адна прычына, якая надоўга разьмінула беларусаў з свабодай. Пасля “крывавага патопу”, арганізаванага маскоўцамі ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя, гэты край шляхецкіх вольнасьцяў спрэс зьняможыўся ды заняпаў. Таму далей яго раз-пораз лёгка апалоньвалі ня тыя, дык іншыя прыхадні. Каго тут толькі ні было, хто тут толькі ні панаваў: швэды, французы, немцы, палякі, расейцы… З чаго беларусы неўпрыкмет звыкліся з акупацыяй, як з ціскам атмасфэрнага слупа, і пакрысе зусім перасталі зважаць на яе. І толькі мова ім нагадвала, што тут адбывалася насамрэч.

Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы і па сёньня кажуць: гэта было за палякамі, за немцамі, за саветамі… Гэта ж як далёка і надоўга трэба было разьмінуцца з свабодай, каб пасьпела ўнармавацца мова, якая ўжо нават ня ўтрымлівала граматычнага ладу самастойнага існаваньня!

Аднак усё некалі мінае. Спакваля беларуская вёска пераехала ў горад, набудавала заводаў, інстытутаў, стадыёнаў — і шмат чаго яшчэ ў дадатак. Цяпер у беларусаў амаль усё было, як у людзей. Не ставала толькі ўлады, каб прыўласьціць сабе ўвесь гэты наробак. І тады яны пахапалі бел-чырвона-белыя сьцягі й выйшлі на вуліцы ды плошчы гарадоў. Праўда, там, на вуліцах ды плошчах, яны пра ўладу ні слоўка не казалі, а казалі толькі пра свабоду. Але ж і разьюшаныя буржуа падчас Вялікай францускай рэвалюцыі крычалі таксама пра “Свабоду. Роўнасьць. Братэрства”, а не пра ўладу, якую яны гвалтам паспрабавалі адваяваць у расьпешчанай арыстакратыі.

* * *

Тады, пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, беларусы не заваявалі сабе свабоды. І з гэтага па сёньня многія зь іх чэзнуць у роспачы. Але, як на мой цяперашні розум, дык бадай што і дарэмна чэзнуць, паколькі за свабоду можна толькі змагацца, але яе нельга заваяваць.

Кожная вайна за свабоду канцуецца альбо паразай тых, хто за яе ваюе (да прыкладу, згадаем Спартака, Яна Гуса, Кастуся Каліноўскага, Чэ Гевару, іншых…), альбо паразай самой свабоды, калі яе ваяры перамагаюць. Бо заваяваную свабоду верагодна ўтрымаць адно тэрорам ці дыктатурай, як гэта было ў выпадку Вялікай францускай рэвалюцыі, Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі, шматлікіх лацінскаамэрыканскіх рэвалюцый…

Свабоды нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду. Толькі ня трэба блытаць чаканьне з пасіўным перабываньнем у абыякавасьці. Калі мы моцна некага чакаем, то рыхтуемся да сустрэчы. Чаканьне свабоды — гэта падрыхтоўка да сустрэчы з свабодай.

Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць. Таму яна і не зьявілася ў Беларусі пасьля распаду савецкай імпэрыі. Адсюль і паўстае задача кожнага, хто пераняўся прыйсьцем свабоды на Беларусь — мацаваць і вялічыць прастору яе чаканьня. А сродкі ў гэтай справе могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцыяў. Толькі пры гэтым трэба выразна ўсьведамляць, што сэнс і культурніцкай працы, і працы палітычнай не ў здабываньні свабоды, а ў стварэньні сытуацыі яе масавага чаканьня. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоду — яна Беларусь не праміне!