Цнота ў беларускай традыцыі

Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 21 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.
(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Калі спаслацца на Слоўнік Свабоды, то “цнота, то бо чэснота спачатку была якасьцю мужчыны, чэснага ваяра. Яе можна было заслужыць сьмеласьцю, разумнай стрыманасьцю, сілай духу, адданасьцю. Мужчынскае неўнікнёна ставала агульначалавечым, і цнота паступова стала абазначаць дабрачэснасьць увогуле, каб урэшце ня ўнікнуць дэвальвацыі ў цнатлівасьць, уласьцівасьць хутчэй жаночую”.

Інтэрнэт-парталы ў сваю чаргу настойліва дапытваюць: цнатлівасьць сёньня — скарб альбо атавізм? І зьедліва камэнтуюць: гэта толькі лішні нуль на цэньніку нявесты. Лякарні зьніжаюць кошты на хірургічнае вяртаньне дзявоцкасьці. Вось і мы вырашылі паглядзець на гэтае пытаньне здалёк, з уяўленьняў нашых продкаў, зь іхнага стаўленьня да цноты і чэсьці”.

(Тацяна Валодзіна: ) “Дзявочая цнота — альбо дзявочая нявіннасьць, дзявоцкасьць — будучы чыньнікам досыць фізіялягічным, набывала ў архаічнай культуры высокі сэміятычны статус. Для беларускай традыцыі даволі катэгарычным было патрабаваньне дзявоцкасьці маладой да шлюбу. Гэтая, так бы мовіць, якасьць дзяўчыны маркіравала ейнае сацыяльнае становішча і вызначала такія большай часткай “ідэальныя” катэгорыі, як чысьціню і чэснасьць. Дзявоцкасьць разумелася ня столькі нават як асабістая вартасьць, колькі сьцьверджаньне сямейнага, нават родавага гонару. Уключэньне першай шлюбнай ночы ў структуру вясельнай абраднасьці — катэгарычная і сэнсава ёмістая зьява”.

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж для сучасьніка першая шлюбная ноч зьява перадусім вельмі інтымная, зачыненая ад іншых, глыбока асабістая. Пра чэснасьць ці нячэснасьць маладых ведаюць толькі яны самі. Пры чым жа тут іншыя?”

(Валодзіна: ) “Сацыялізацыя, альбо жаніцьба ўсіх членаў вясковай грамады тычылася ўсяго соцыюму ў цэлым. Строгае кантраляваньне і санкцыянаваньне магічна праграмавалі будучае шчасьце маладых. Абавязковым лічылася паэтапнае праходжаньне ўсіх складнікаў вясельнага сцэнару, і любое адхіленьне ўспрымалася як нядобры знак, рэпліка засьветаў і прадвесьце бядотаў. Вясельныя “ўпаўнаважаныя” адсочвалі вынікі “справы”, і ў адпаведнасьці з гэтым вясельная опэра распачынала наступную дзею. Вось як адбывалася гэта ў даваенны час на Гомельшчыне:

“Калі нявеста была чэсная, то навешваюць красныя трапкі сюды, і на гармонь, і на бубен. Ідуць і пяюць:

Ой, спасіба, мамачка, за тваю чэсьць, Што ты насіла сваю дачку ў хвартучку, Нікому не дала, свайму Мішачку саблюла.

І так пяюць пры ўсіх на вуліцы, што яна засталася чэсная. І тады прыходзяць у хату, нявеста зьдзяе тую рубашку, што начавала з жаніхом. І ўсім етым аддае яе сьвякруха. Разгортвае яе, каб усе бачылі, што нявеста засталася чэсная. А як каторая прыйдзе нячэсная, нясуць дзіравую карзіну па сялу бяз дна, таму і людзі былі чэсныя, добрыя. Калі нясьлі карзіну, пелі:

Спасіба, мамачка, за тваю чэсьць, Што на тваёй дачкі дваццаць шэсьць.

І пачынаюць прыказваць: “Адчыняйце клець, у ваш двор курва ідзець, чуйце, гусі, куры, каровы, уся пашня — у наш двор курва прыйшла”.

(Ракіцкі: ) “Але як паведамляліся вынікі гэтае ночы? Як наагул у паэзію вясельля ўвайшла такая далікатная тэма?”

(Валодзіна: ) “Пазбаўленьне цноты ў складзе вясельнай абраднасьці кадавалася ўсемагчымымі спосабамі. Асноўнай іх ідэяй станавілася разбурэньне, парушэньне пэўнае цэльнасьці. З такімі намерамі госьці ламалі лаўкі, білі посуд, гучна ляскаючы яго аб падлогу. Гэтая апазыцыя “цэлы — біты”, што сымбалічна роўнае “дзяўчына — жанчына” зрэалізоўвалася і сродкамі мовы. Казалі: “Не паспытаеш салодзенькага, не разбіўшы гаршчочык”. Але асабліва выразна тэму дзявочае цэльнасьці, якая адно несла патэнцыю будучай плоднасьці, выяўляла дзяжа. Усім славянам вядомае ўспрыманьне дзяжы як сымбалю жаночага ўлоньня, ізноў як у шматзначнай прыказцы “З адной дзежкі да і хлеб прыядаецца”.

(Ракіцкі: ) “Ну а дзяжу ж, спадзяюся, ня білі?”

(Валодзіна: ) “Не. На дзяжу садзілі. Абавязковым момантам вясельля ёсьць так званы пасад, калі на дзяжу садзілася толькі чэсная нявеста (а гэта яшчэ да шлюбнай ночы), ёй мянялі дзявочую прычоску на жаночую. Дзяўчына, якая ведала за сабою “грэх”, на дзяжу не садзілася, а толькі на просты ўслон”.

(Ракіцкі: ) “Але хто пра гэта загадзя ведае? Ну і села б. А раптам абышлося б і ніхто не даведаўся?”

(Валодзіна: ) “Важна падкрэсьліць, дзявоцкасьць у вясельнай драме мела ня толькі маральнае значэньне. Існавала цьвёрдае перакананьне, што калі нецнатлівая дзяўчына сядзе на хлебную дзяжу, да таго ж накрытую кажухом з аўчыны, гадоў колькі ў іхнай гаспадарцы ня будзе радзіць хлеб і ня стане весьціся жывёла. Нават у сям’і будуць розныя беды. І таму дзяўчына рашалася на публічнае ганьбаваньне, каб толькі пазьбегнуць будучых бядотаў”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, цнота — катэгорыя вясельнага абраду, да таго ж катэгорыя сымбалічная. Значыцца, і пазбаўленьне яе таксама мусіла атрымаць рытуальнае, песеннае выражэньне?”

(Валодзіна: ) “Тут больш карэктна было б сказаць: дзявоцкасьць — катэгорыя вясельная, ці давясельная, цнота ж для такой дзяўчыны застаецца ейнай вартасьцю назаўжды. Уласна ж дэфлярацыя ў складзе вясельля атрымлівае найбагацейшае вобразнае песеннае выяўленьне. Апісваецца яна як першае ворыва:

Закладайце быкі-неўкі ў вярмо Да будзем навінаньку араці, Чорную аблоганьку падымаці.

Альбо як удалыя ваенныя дзеі:

Куры, куры, да ня пейце рана, Да ня пейце рана, не будзіце пана. Ой, наш паночак з вайны прыехаў, гарод зваяваў”.

(Ракіцкі: ) “А цнатлівая нявеста паўстае адпаведна як поле альбо як непрыступны горад. Своеасаблівая, трэба сказаць, сымболіка для дзяўчыны”.

(Валодзіна: ) “Але самай частай і паэтычна дасканалай ёсьць сымбалізацыя і дзяўчыны, і ейнай дзявоцкасьці праз вобраз каліны:

Добрага кусту каліна, Харошага поваду Людачка. Добра рабіла, што ў цёмны лес не хадзіла, Сваю калінку расьціла. Пад калінкай спаць лягла, Ножкай калінку кранула, Чырвону ягадку зраніла, Сваю радзіну на кут пасадзіла”.

(Ракіцкі: ) “А ў супрацьлеглым выпадку, калі “калінка” ўжо паламаная?”

(Валодзіна: ) “Такая дзяўчына сама і ўся ейная сям’я вельмі жорстка і бяз жалю ганьбаваліся. Зьдзеклівыя песьні як, прыкладам:

Пад ёлкай расла, Ня дзеўкай прышла. Пад ёлкай спала, Ня дзеўкай ўстала. Зь ёлкі звалілась, На сук прабілась.

Гэта самы бяскрыўдны варыянт. Фіксуюцца і такія рытуальныя дзеі, як таўчэньне вады ў ступе, падкладваньне каля нявесты за вясельным сталом і затым у ложак таўкача. Маці падносілі дзіравую чарку з гарэлкай, заткнуўшы дзірку пальцам, у ейных руках гарэлка лілася. Але самым страшным, многа раз названым этнографамі дзікунскім звычаем ёсьць надзяваньне ці маладой, ці ейным бацькам хамута”.

(Ракіцкі: ) “Уражвае. Але чаму менавіта хамута? Неяк ён як частка вупражы не дапасуецца да жанчыны”.

(Валодзіна: ) “Жаночую сымболіку хамута відаць ужо з народнага выслоўя “бабская хамуцiна ўвесь свет памуцiла”. І менавіта бабская, жаночая, бо няцэласнасьць хамута карэлявала зь няцэльнасьцю “нячэснай” дзяўчыны”.

(Ракіцкі: ) “Пакуль мы вялі гаворку пра жаночую цноту, цноту дзяўчыны. А для хлопца? Ці існавалі ў беларусаў аналягічныя патрабаваньні да жаніха?”

(Валодзіна: ) “Дасьледчыкі народных звычаяў на падставе шматлікіх запісаў нават сьцьвярджаюць: пасад ня толькі для нявесты, але і для жаніха — адметнасьць беларускага вясельля. Праўда, фіксуецца гэты звычай не паўсюль, як пасад маладой, але такіх зьвестак дастаткова. Вось адна зь іх, вельмі паказальная, зь непасрэднага апісаньня назіральніка:

“Жаніха падвялі да дзяжы. Кроў хлынула да твару яго, а затым ён зьбялеў як палатно. Апусьціўшыся на калені, ён прыціснуўся лбом да зямлі. Стала мёртвая цішыня. Тут пачуўся звон нечага пабітага, і я адвёў вочы ў бок бацькі, што стаяў над пабітым кубкам. Твар яго быў белы, ён увесь калаціўся, як у ліхаманцы, але ня рушыўся зь месца, толькі полымем гарэлі яго вочы. Не ўстаючы зь зямлі і ня гледзячы нікуды, жаніх павярнуўся ў бок бацькі і прыпаў да яго ног, абліваючыся слязьмі і выціскаючы глухія гукі ад плачу. Бацька падскочыў як апараны і нагамі пачаў біць сына, але той не ўставаў, а працягваў цалаваць ногі бацькі. Сват ледзь адцягнуў яго. Цяжка дыхаючы, бацька прыхінуўся да сьцяны і, закрыўшыся рукамі, загаласіў як дзіця. “Не, — сказаў ён, — хоць я благаслаўляю, Бог не благаславіць, калі ён так зробіў мне; гэтакае тваё будзе жыцце, сынок, калі ты не баяўся Бога і не хацеў слухаць бацькоў”.

(Ракіцкі: ) “З усяго пачутага напрошваецца выснова пра ідэальныя паводзіны беларускае моладзі? Няўжо гэта так?”

(Валодзіна: ) “Казаць пра нейкую асаблівую цнатлівасьць беларускай моладзі ў мінулым — выдаваць ідэальнае за рэальнае, бо фальклёрна-этнаграфічныя факты паказваюць на розныя выпадкі. Ды і добра распрацаваная сыстэма вясельнага ганьбаваньня, багацьце сымбаляў, празь якія падаецца нячэсная дзяўчына, сьведчаць пра тое, што такія выпадкі былі не выключэньнем, а зьявай, што мела месца, хай сабе і нячаста, але былі”.