Цэнтарвыбаркам адзінагалосна ўхваліў афіцыйныя вынікі выбараў

Юры Сьвірко, Менск Паўнамоцныя сябры ЦВК адзінагалосна ўхвалілі вынікі парлямэнцкіх выбараў, хаця сябры камісіі з правам дарадчага голасу заяўлялі пра масавыя парушэньні й нават злачынствы падчас выбараў.
У пятніцу Цэнтарвыбаркам разглядаў скаргі, якія надышлі пасьля 17 кастрычніка. На ўсе заўвагі й пратэсты наконт масавых парушэньняў і фальсыфікацыі вынікаў ЦВК давала адзін адказ: “Парушэньні ня могуць паўплываць на вынікі выбараў”.

Калі партыйны сябар Цэнтральнай камісіі Ўладзімер Нісьцюк заявіў пра выпадак махінацыі зь бюлетэнямі й капэртамі: “Гэта злачынства!”, дык старшыня Лідзія Ярмошына адрэагавала гэтак: “Усе гэтыя патрабаваньні маюць маральны характар, не заснаваны на законе”.

А ў адказ на словы пра тое, што выбарнікаў 17 кастрычніка проста спойвалі бясплатным півам і таннай гарэлкай, спадарыня Ярмошына заўважыла: “Ну чаго вы так, “цьвярозьнікі”?”

На скаргу пра парушэньні ў Жлобіне, дзе апазыцыянэры зафіксавалі на відэа, як старшыні ўчастковых камісіяў спачатку ідуць на даклад да старшыні райвыканкаму, а потым здаюць выніковыя пратаколы акруговай камісіі, далі такі афіцыйны адказ: гэта апазыцыянэры накіроўвалі тых у кабінэт кіраўніка раёну з мэтай правакацыі.

Сябры ЦВК з правам дарадчага голасу заявілі пра фармальны разгляд скаргаў, заклікалі не прызнаваць вынікі выбараў і падалі шмат прыкладаў грубых парушэньняў выбарчага заканадаўства.

Дэлегаваны ў Цэнтарвыбаркам партыяй “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк у сваім выступе зазначыў, што цяпер людзі ў Беларусі самі ладзяць свае экзыт-полы:

(Нісьцюк: ) “Вельмі актыўна абмяркоўваюцца вынікі выбараў, і людзі кажуць: мы ішлі галасаваць супраць, а атрымалі “за”.

Спадар Нісьцюк заявіў пра масавыя парушэньні закону, якія выявіліся ў прымусовым датэрміновым галасаваньні, у выдачы двух бюлетэняў — па выбарах і па рэфэрэндуме — у абмен на толькі адзін подпіс у сьпісах, у тым, што фармальныя паседжаньні ўчастковых камісіяў пасьля падліку галасоў проста не праводзіліся.

Ён таксама сказаў, што Цэнтарвыбаркам рэгулярна парушаў закон аб зваротах грамадзян, бо скаргі на акруговыя выбарчыя камісіі накіроўваліся на разгляд гэтых жа акруговых камісіяў. Сябе й сваіх калегаў з дарадчым голасам Уладзімер Нісьцюк назваў у Цэнтарвыбаркаме “говорящими стульями”.

І спадар Нісьцюк, і яго калега Міхаіл Пліска заявілі пра тое, што кандыдат “ад улады” дэпутат дзейнай Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі раскідаў па сваёй акрузе 20 тысяч асобнікаў газэты з агітацыяй на сваю карысьць — у той час як адну апазыцыянэрку пазбавілі рэгістрацыі ўсяго за адзін асобнік газэты, нібыта распаўсюджаны ёю.

Спадар Пліска нагадаў, што Цэнтарвыбаркам абяцаў з 12 кастрычніка паказваць у тэлеэфіры свой ролік з тлумачэньнем таго, як галасаваць на рэфэрэндуме, і сказаў: “Але я так і не пабачыў яго. Значыць, тут умяшаўся нехта іншы. Дзякаваць Богу, на самім бюлетэні ўсё ж быў пазначаны варыянт “супраць”.

Прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Пліска таксама сказаў, што незадаволены адказам Лідзіі Ярмошынай пра мажлівасьць абнародаваньня вынікаў апытаньняў грамадзян у дзень галасаваньня, бо гэта наўпроставае парушэньне Выбарчага кодэксу.

Што да сьведчаньняў пра фальсыфікацыі, дык іх ня будзе, сказаў спадар Пліска, бо людзі баяцца й хочуць жыць і працаваць — “такая склалася палітычная атмасфэра”.

(Пліска: ) “Калі людзі бачылі на свае вочы, дакладна й ясна: вось першапачатковыя вынікі падліку галасоў, вось стосікі бюлетэняў — за кандыдатаў у дэпутаты прыблізна аднолькава ў Менску, вось за рэфэрэндум: утрая вышэйшая кучка супраць, чымсьці за, — але калі агучылі пратакол, дык выявілася, што ўсё наадварот, то бок за рэфэрэндум утрая больш”.

Аднак партыйным сябрам Цэнтарвыбаркаму яго старшыня Лідзія Ярмошына прыканцы нават падзякавала за “мяккія выступы”. І цягам пяці хвілін усе вынікі выбараў былі адзінагалосна ўхваленыя Цэнтральнай камісіяй. Цэнтарвыбаркам вырашыў склікаць 108 абраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на першую сэсію 16 лістапада.