Цытаты мінулага – 21 кастрычніка

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 21 кастрычніка.
“Савецкая Беларусь”, 1924 год:

“18 кастрычніка г.г. у Доме Працаўнікоў Асьветы адбылася грамадзянская паніхіда па В.Я.Брусаву, зрыхтаваная мясцкомам Народнага Камісарыяту Асьветы. У паніхідзе прынялі ўдзел беларускія паэты і літаратары, шмат гарадзкога грамадзянства і вайсковых… Другой часткай “паніхіды”, літаратурнай часткай яе было чытаньне паэтам З.Бядуляй свайго дыямэнтнага вершу “На сьмерць В.Брусава”, паэтам Я.Коласам — грымотнай “Песьні аб званох” (адрывак з “Сымона Музыкі”) і вершаў В.Брусава: “Каменшчык” (дэклямацыя актораў ІІ беларускай трупы Люсі Галубянкі і Мышко), “Эшафот” (дэклямацыя акторкі БДТ Кульчыцкай) і “Руская рэвалюцыя” (дэклямацыя акторкі БДТ Ржэцкай)”.

“Беларуская крыніца”, 1934 год. Ліст менскіх студэнтаў:

“Навучальны год у Беларускім дзяржаўным політэхнічным інстытуце (г. Менск) пачаўся 5 верасьня. Падрыхтаваліся да яго выключна дрэнна. Каляндарнага раскладу заняткаў няма. Штодня складаецца новы. Працоўны дзень студэнтаў не загружаны. Заняткі адбываюцца праз дзень па 3–4 гадзіны. Няма выкладчыкаў. Нам, студэнтам 5-га курсу, да сканчэньня засталося чатыры месяцы. Мы павінны прайсьці 12 спецыяльных дысцыплін. Акром таго, нам трэба скончыць шмат лябараторных работ. Лябараторый няма. І няма надзеі атрымаць іх у бліжэйшы час. Дагэтуль няма таксама і тэм для дыплёмных праектаў”.

“Народная газета”, 1994 год:

“Як выглядаюць новыя беларускія грошы? На іх надрукаваны выявы вядучых дзеячаў культуры. Самая буйная купюра — з партрэтам Ф.Скарыны. Нагадаем, што ў суседняй Літве, перш чым друкаваць новыя грошы, правялі конкурс на лепшы праект, у якім прынялі ўдзел шмат спецыялістаў. Невядома, ці быў нейкі конкурс у нас, аднак, зразумела, выбрацца з падвалаў ці іншых памяшканняў “беларускаму рублю” будзе значна цяжэй, чым герою вядомага рамана Дзюма “Жалезная маска”.