"Guardian", "New York Times", "El Pais" пра выбары й рэфэрэндум у Беларусі

Падрыхтаваў Юры Дракахруст, Прага “Эўразьвяз абураны сумніўнымі вынікамі галасаваньня ў Беларусі”, “Бутафорскія выбары ў Беларусі” – падобныя загалоўкі маюць артыкулы аб беларускіх выбарах і рэфэрэндуме ў заходняй прэсе.
“Гардыян” (Вялікабрытанія): “Эўразьвяз абураны сумніўнымі вынікамі галасаваньня ў Беларусі”

“Чакаецца, што Эўразьвяз узмацніць санкцыі адносна Беларусі пасьля таго, як заходнія назіральнікі заявілі, што выбары і рэфэрэндум, якія адбыліся там, не адпавядаюць міжнародным стандартам.

Эўразьвяз ужо забараніў уезд высокапастаўленым афіцыйным асобам Беларусі ў сувязі са зьнікненьнем трох лідэраў апазыцыі і аднаго журналіста”.

“Нью Ёрк Таймс” (ЗША): “Бутафорскія выбары ў Беларусі”

“Аляксандар Лукашэнка, дэспатычны беларускі прэзыдэнт, фармальна не зьяўляецца камуністам. Аднак у нядзелю ён усё зрабіў паводле старых савецкіх правілаў. Галасаваньне адкрыла Лукашэнку шлях да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміна.

Амаль усе былыя савецкія рэспублікі перажылі цяжкія часы, і шмат якія з іх паддаліся спакусе “моцнай рукі”. Аднак нават у гэтай кампаніі спадара Лукашэнку вылучаюць сталінісцкія мэтады”.

“Эль Паіс” (Гішпанія):

“Гэта быў сапраўдны фарс, які Эўропа й астатні сьвет мусілі не дапусьціць. Тое, што пачалося як фарс, ператвараецца для суграмадзянаў Лукашэнкі ў трагедыю, і можа стаць сапраўднай праблемай для Эўропы, якая павінна сказаць цьвёрдае “не” гэтаму ўнучку Сталіна.

Беларускае люстра дакладна адлюстроўвае Маскву, якая глядзіць на яе. Учорашнюю падтрымку беларускага рэфэрэндуму расейскім урадам можна лічыць яшчэ адным сымптомам таго, што дэмакратыя ня ёсьць прыярытэтам для Пуціна”.

“Стратфор” (ЗША):

“На карысьць Лукашэнку варта заўважыць, што ўзровень жыцьця ў Беларусі ня падаў гэтак моцна, як гэта адбылося ў іншых постсавецкіх краінах, але гэта было дасягнута расейскімі субсыдыямі пры Ельцыне. Адзіны сродак Масквы, каб знайсьці саюзьніка, палягаў у тым, каб купіць яго. Пры Пуціне гэтыя субсыдыі былі скарочаныя і нарэшце спыненыя.

Перамога Лукашэнкі на рэфэрэндуме нічога не мяняе ва ўнутраных і зьнешніх структурах, якія кіруюць краінай. Апазыцыя – расьцярушаная і непапулярная, і застанецца такой. На парадку дня адзіная праблема – палітычны саюз з Расеяй. Пуцін разглядае такі саюз як простае ўваходжаньне Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю. Лукашэнку такі варыянт зусім не спадабаўся. Тым ня менш, ён застаецца папулярным сярод расейскіх нацыяналістаў, сталіністаў і антызаходнікаў, у той час як Пуцін імкнецца атрымаць сымпатыі Вашынгтону і Брусэлю. Паводле вынікаў закрытых сацыялягічных апытаньняў у Расеі, Лукашэнка мог бы скласьці годную канкурэнцыю Пуціну.

Адзіная прычына, паводле якой Лукашэнка захоўвае сваё становішча, палягае ў тым, што ўсе занятыя: Эўразьвяз – сваім пашырэньнем, Злучаныя Штаты – барацьбой з тэрарызмам, Пуцін – перабудаваньнем Расеі на новых прынцыпах. І хутчэй за ўсё, першым, хто вызваліцца ад гэтых клопатаў і зьверне ўвагу на Беларусь, будзе Расея. І калі гэты дзень прыйдзе, Беларусь можа далучыцца да новага саюзу з Расеяй, але зусім не такому, які спадабаўся б Лукашэнку”.