Паводле назіральнікаў, вялікі працэнт выбарцаў на Гарадзеншчыне быў супраць трэцяга тэрміну

Сяргей Астраўцоў, Горадня 18 кастрычніка ў Горадні ў грамадзкім прэс-клюбе адбылося абмеркаваньне мінулых выбараў. Вёў яго Мікола Маркевіч — галоўны рэдактар газэты “День”.
Пра досьвед свайго ўдзелу гаварылі дэмакратычныя кандыдаты з Мастоўскай, Шчучынскай і дзьвюх Гарадзенскіх акругаў: А.Зарэмбюк, А.Пудаўкін, А.Мілінкевіч, В.Аськірка і А.Астроўскі. Спадар Аськірка распавёў, як ягоная каманда змагалася супраць спробаў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на асобных участках. Паводле яго, на некаторых участках, што да рэфэрэндуму, быў вельмі вялікі працэнт галасоў супраць трэцяга тэрміну прэзыдэнта Лукашэнкі.

Аб правядзеньні ў Горадні “экзыт-полу” расказаў А.Салей. Прадстаўніца Нарвэскага Хэльсынскага камітэту Бэрыт Ліндэман распавяла пра свае ўражаньні ня толькі ад саміх выбараў, але й ад перадвыбарнага працэсу. Яна зазначыла, што ўвесь працэс ня быў справядлівым і дэмакратычным і не адпавядаў тым стандартам, якіх Беларусь, як эўрапейская краіна, узяла абавязак прытрымлівацца.