Павал Шарамет знаходзіцца ў 9-м клінічным шпіталі Менску з чэрапна-мазгавой траўмай і яго абвінавачваюць у хуліганстве

Любоў Лунёва, Менск Пабоі журналісту нанесьлі двое хуліганаў, якіх затрымалі супрацоўнікі міліцыі, але прозьвішчы гэтых асобаў Паўлу Шарамету міліцыянты назваць адмовіліся. Замест каб распачаць крымінальную справу паводле факту зьбіцьця, міліцыянты абвінавацілі журналіста ў дробным хуліганстве. Суд прызначаны на 20 кастрычніка.
Павал Шарамет быў разам са Сьвятланай Калінкінай, калі адбыўся гэты інцыдэнт. Двое маладых людзей падышлі да іх і пачалі зьбіваць Паўла. Гэта ўбачылі міліцыянты, якія знаходзіліся ў будынку Савецкага райвыканкаму. Яны затрымалі хуліганаў. Павал Шарамет напісаў заяву, каб затрыманых прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Сьвятлану Калінкіну міліцыянты папрасілі пачакаць на вуліцы, пакуль яе выклічуць у якасьці сьведкі.

Але празь нейкі час, паводле вэрсіі міліцыянтаў, Павал Шарамет з пацярпелага ператварыўся ў дробнага хулігана. Міліцыянты склалі на яго пратакол і адвезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна, там яму выклікалі “хуткую”. У выніку Паўла шпіталізавалі ў 4-ы клінічны шпіталь, але потым перавялі ў 9-ю клініку. Да Паўла не пускаюць журналістаў. Выключэньне зрабілі для дзяржаўнага тэлебачаньня, але гэтым карэспандэнтам Шарамет даваць інтэрвію адмовіўся. Адзін з мэдыкаў аддзяленьня нэўрахірургіі распавёў Радыё Свабода пра стан здароўя журналіста:

(Мэдык: ) “Неабходнасьць у шпіталізацыі, канечне. Траўмы лёгкія. Мы такіх шпіталізуем. Хворы мусіць прытрымлівацца паўпасьцельнага рэжыму. Ён мусіць знаходзіцца пад назіраньнем мэдыкаў, каб не зьявілася нейкіх наступстваў — гематомы, ці яшчэ нешта”.

Адвакат Паўла Шарамета Вера Страмкоўская падала заяву ў пракуратуру Савецкага раёну, каб прыцягнулі да адказнасьці асобаў, якія зьбілі Паўла Шарамета і пакаралі міліцыянтаў за незаконнае затрыманьне журналіста. Вера Страмкоўская зазначыла, што Павал казаў пра свае пісьмовыя заўвагі на адміністрацыйным пратаколе. Калі яна папрасіла ў міліцыянтаў пратаколы, то ніякіх заўвагаў там ня ўбачыла. Яны былі наогул без пазнакаў.

Нягледзячы на тое, што ў Паўла Шарамета цялесныя пашкоджаньні й чэрапна-мазгавая траўма, у пратаколе выкладзена зусім іншая вэрсія. Гаворыць Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Адзін зь іх папрасіў у Шарамета цыгарэту. Шарамет пачаў лаяцца, а потым стукнуў яго ў лоб і той закрычаў: “Міліцыя!” Вось такая фабула ў адміністрацыйным правапарушэньні Шарамета. Але на справе няма нідзе ягонай заявы, аб узбуджэньні крымінальнай справы. Мы не знайшлі ніякіх тлумачэньняў ад сьведкаў. Каля РУУС былі й Сьвятлана Калінкіна, і іншыя сьведкі. Яны самі заклікалі, каб іх дапыталі”.

Паколькі судовае паседжаньне прызначана на 20 кастрычніка, Вера Страмкоўская папрасіла прыпыніць разгляд адміністрацыйнай справы, пакуль будзе праводзіцца пракурорскае расьсьледаваньне.

Гл. таксама Паўла Шарамета зьбілі невядомыя, а потым міліцыя яго самога абвінаваціла ў хуліганстве і адвезла на Акрэсьціна, пасьля - у шпіталь