Незалежныя кандыдаты Віцебшчыны фіксуюць парушэньні ды патрабуюць пакараньня вінаватых

Браніслава Станкевіч, Віцебск Віцебскія кандыдаты, дакладней, ужо былыя кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту, правялі сёньня прэсавую канфэрэнцыю, дзе пералічылі дзясяткі парушэньняў заканадаўства, заўважаных імі на выбарчых участках.
Гаворыць былы кандыдат па 18-й віцебскай акрузе Канстанцін Смолікаў:

(Смолікаў: ) “Нас падманулі, падманулі нахабна, не хаваючыся. Выдалялі давераных асобаў. Старшыні камісіяў аднаасобна лічылі бюлетэні. Аднаму назіральніку вынесьлі пяць папярэджаньняў, і ён увесь час быў пад пагрозай выдаленьня”.

Ніводнай даверанай асобы з боку незалежных кандыдатаў не дапусьцілі на падлік галасоў у віцебскія акруговыя камісіі. Тое самае адбылося і ў камісіях па рэфэрэндуме.

Дэпутат з Воршы Генадзь Ананьеў распавёў, што пратаколы з трох выбарчых участкаў па Аршанскай выбарчай акрузе №26 трапілі ў акруговую камісію толькі сёньня пад раніцу. Цягам некалькіх гадзінаў іх перапісвалі ды выпраўлялі ў гарвыканкаме. У выніку атрымалася, што кандыдатка ад уладаў Людміла Анікеева, якая ня мела, паводле папярэдніх падлікаў, 50% галасоў, усё-ткі перамагла ў першым туры.

Паводле зафіксаваных парушэньняў былыя дэпутаты рыхтуюць заявы ў ЦВК, пракуратуру ды суды.