Паводле незалежных назіральнікаў, на Меншчыне заплянаваныя вынікі галасаваньня нараджаліся ў цяжкіх пакутах

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Якія папярэднія вынікі галасаваньня на Меншчыне? Наш карэспандэнт меў размову з шэрагам прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат ад дэмакратычных партыяў па Менскай вобласьці.
Напрыклад, вось што паведаміў Аляксей Лапіцкі з Жодзіна, які прадстаўляе партыю БНФ:

(Лапіцкі: ) “Нашыя назіраньні па жодзінскай выбарчай акрузе №81 паказалі, што заплянаваныя вынікі галасаваньня ў нас усё ж такі будуць у рэгіёне. Але яны нараджаюцца ў такіх цяжкіх пакутах, што нельга гэта не заўважыць. Даецца такая лічба: 15 % Лапіцкі, 70, 4 % – Рогаль. Гэта канкурэнтка ад вэртыкалі па Жодзінскім рэгіёне. У нас ёсьць сьведчаньні таго, што людзям, якія прыйшлі за 15 хвілінаў да канца галасаваньня, не давалі сьпісы, не давалі прагаласаваць. Потым, калі яны настаялі, яны бачылі, што за іх ужо “прагаласавалі” – гэта ў Смалявічах на ўчастку – там яны будуць рабіць акт. Людзі, якія былі ў акруговай камісіі, назіралі вялікую нэрвознасьць. На 4 гадзіну раніцы яны ня мелі канчатковага выніку – не сыходзіліся дадзеныя.

Што датычыцца рэфэрэндуму, то зьвесткі зусім не былі дадзеныя, і тое, што назіралі нашыя давераныя асобы на выбарчым участку, проста было абражальна. Калі яны бачылі, што супраць пытаньня на рэфэрэндуме большасьць бюлетэняў – стос ляжыць – ім казалі зусім адваротнае. Калі яны пачыналі пратэставаць і патрабавалі пераліку – гэта было забаронена. Няма сэнсу ні назіраць, ні выбіраць – над людзьмі проста зьдзекуюцца”.

А вось вынікі, якія маюць месца ў акрузе №92 – тут балятавалася Сьвятлана Панамарова:

(Панамарова: ) “Я, Панамарова Сьвятлана Анатольеўна, зьяўлялася кандыдатам у дэпутаты па Нясьвіскай выбарчай акрузе №87. На нашай акрузе па Клецку за мяне прагаласавала 3100 выбаршчыкаў (12%), па Нясьвіжы – 5574 (15%). А ўсяго за мяне – 15,8%”.

(Карэспандэнт: ) “Хто перамог у Вашай акрузе?”

(Панамарова: ) “Перамагла Худая Марыя Мікалаеўна. Паводле нашых дадзеных, якія мы змаглі сабраць, там, дзе былі нашыя прадстаўнікі, то атрымліваецца, што за мяне прагаласавала 25% – крышку больш, чым паводле афіцыйных дадзеных. Па рэфэрэндуме, “за” прагаласавала ў Клецку афіцыйна – 93%, па Нясьвіжы – 76%. Адзін з назіральнікаў такую цікавую інфармацыю прывёз, што на ўчастку вёскі Бабічы, дзе зарэгістравана амаль 596 выбаршчыкаў, на ўчастак прыйшло ўчора ўсяго 47 чалавек, астатнія бюлетэні ўжо былі ў скрынцы”.

І яшчэ пра галасаваньне й вынікі ў адной акрузе. Гэта – Вілейская акруга № 79. Тут балятаваўся прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Малярчук. Вось што ён сказаў:

(Малярчук: ) “Вынікі хутчэй за ўсё будуць у панядзелак, я думаю – не раней чым а 10-й гадзіне. Чаму? Таму што ў камісіі чамусьці вельмі позна скончылі лічыць галасы. У параўнаньні зь мінулымі выбарамі – затрымка больш як гадзіна, нават дзьве. Не даюць выніковых пратаколаў, не даюць іх зьняць, іх ня вешаюць, не аб’яўляюць вынікаў, нічога: кажуць, што нам трэба спачатку завізіраваць гэтыя вынікі й адвезьці ў камісію, а потым мы іх будзем вывешваць – то бок, хочаце прыходзьце, хочаце не.

На ўчастках горада й раёна вынікі адрозьніваюцца, і вельмі значна. Што цікава: у горадзе паводле вынікаў выбараў кандыдат ад улады набраў у асноўным 600-700 галасоў, усюды, на ўсіх участках аднолькава, што неяк, наогул, вельмі дзіўна. То бок, загадзя было дадзенае заданьне, што павінна быць вось такое галасаваньне. Я думаю, што гэта ідзе для таго, каб пераадолець рубеж у 50%, атрымаць 50 + 1 голас. То бок, загад Лукашэнкі – зрабіць усё ў адзін тур”.