Старшыні ўчастковых выбарчых камісіяў у Віцебску спрабавалі забараніць давераным асобам кандыдатаў назіраць за выбарамі

Браніслава Станкевіч, Віцебск Віцебскія кандыдаты ад БСДП “Народная грамада” Галіна Козырава й Аляксей Гаўруцікаў атрымалі скаргі адразу ад чатырох сваіх давераных асобаў, якім старшыні ўчастковых камісіяў не далі назіраць за галасаваньнем на выбарчых участках.
Спадар Гаўруцікаў, юрыст паводле адукацыі, тлумачыць дзеяньні старшыняў камісіяў простым няведаньнем выбарчага заканадаўства.

(Гаўруцікаў: ) “Справа ў тым, што камісіям было дадзена вуснае распараджэньне рэгістраваць назіральнікаў яшчэ за суткі — незалежна ад таго, ці гэта журналісты, ці давераныя асобы. Мы гэтага не рабілі, бо для давераных асобаў заканадаўства гэтага не патрабуе. Але старшыні заўпарціліся: калі не зарэгістраваныя — ня пусьцім!”

Адстойваць правы давераных асобаў давялося самім кандыдатам. Старшыні 34, 35, 52 і 58 участкаў прызналі свае памылкі, і давераныя асобы працуюць безь перашкодаў.