Вялікую колькасьць незалежных назіральнікаў пазбавілі акрэдытацыі

Сяргей Астраўцоў, Горадня У Ваўкавыску прыблізна 70 назіральнікаў ад грамадзкага аб’яднаньня “Аслона” пазбавілі магчымасьці назіраць за ходам галасаваньня. У Ваўкавыскай выбарчай акрузе №50 балятуецца незалежны кандыдат мясцовы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Выдаленьне назіральнікаў найбольшую шкоду нанесла менавіта яму.
Мікалай Аўтуховіч сказаў, што яны пішуць скаргі ў АБСЭ, у мясцовую пракуратуру, у Цэнтарвыбаркам.

(Аўтуховіч: ) “Аніводнага назіральніка не ўдалося аднавіць. Выбары адбываюцца без назіраньня, робяць што хочуць”.

Назіральнікаў было больш за 130 чалавек, прычым на некаторых участках іх было па два, нават па чатыры чалавекі.

(Аўтуховіч: ) “Яны выбіваюць на тых участках, на якіх ім трэба. Дзе трэба зрабіць фальсыфікацыю, дзе ёсьць магчымасьць — дзе добры старшыня камісіі ці яшчэ як-небудзь. Ня проста ж так. Таму што на адным дзесьці сядзіць назіральнік, а дзесьці ўжо не сядзіць, разумееце”.

Паводле Аўтуховіча, некаторыя незалежныя назіральнікі засталіся, але ягоных зусім няма. А вось што сказалі ў Ваўкавыскай акруговай выбарчай камісіі:

(Спадарыня: ) “Гэты чалавек павінен быць менавіта сябрам гэтай арганізацыі, далей павінна быць указаны ня толькі прозьвішча і імя, але й месца жыхарства. Вось гэтыя патрабаваньні не былі выкананы, таму яны былі пазбаўленыя акрэдытацыі”.