Невядомыя ў цывільным патрабавалі ад журналіста Чэскага тэлебачаньня зьнішчыць відэастужку зь інтэрвію прадстаўніка апазыцыі

Галіна Абакунчык, Менск Невядомыя ў цывільным патрабавалі ад чэскага журналіста Міраслава Карася сьцерці стужку зь відэаматэрыялам. Міраслаў Карась — журналіст Чэскай тэлевізіі, акрэдытаваны Міністэрствам замежных справаў для асьвятленьня рэфэрэндуму і выбараў у Беларусі.
Інцыдэнт здарыўся каля будынку Цэнтарвыбаркаму пасьля таго, як Міраслаў Карась запісаў інтэрвію зь сябрам Беларускага Народнага Фронту Алесем Міхалевічам, якога выбарчая камісія за некалькі дзён да выбараў пазбавіла рэгістрацыі. Паводле Міраслава Карася, невядомыя людзі, якія не называлі сваіх імёнаў, забаранілі яму здымаць Цэнтарвыбаркам, завялі ў будынак і запатрабавалі зьнішчыць адзьняты матэрыял. Вось як гэтую сытуацыю Міраслаў Карась пракамэнтаваў у інтэрвію Радыё Свабода:

(Карась: ) “Падобную сытуацыю я сустракаю толькі ў Беларусі й ведаю, што праца журналістаў у Беларусі ёсьць цяжкай. Гэтая сытуацыя для мяне была новай у тым сэнсе, што ва ўсім сьвеце рэдка сёньня можна сустрэць нешта падобнае, і мне гэта вельмі не падабаецца”.

Міраслаў Карась адмовіўся выканаць патрабаваньні невядомых і быў адпушчаны толькі пасьля таго, як заявіў, што будзе зьвяртацца па дапамогу ў амбасаду Чэхіі.