Сяргей Законьнікаў, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”.Асабістыя запісы прадстаўляе вядомы беларускі паэт і грамадзкі дзеяч Сяргей Законьнікаў, якога два гады таму ўлада гвалтоўна зьняла з пасады галоўнага рэдактара часопісу “Полымя” і якому да сёньня не дае рэгістрацыі на новы незалежны літаратурны часопіс “Ток”.
Панядзелак, 11 кастрычніка
Хоць і кажуць у народзе, што панядзелак — цяжкі дзень, але ён падарыў сьветлыя хвіліны. Жонка выправіла мяне з унукам купіць яек. У найбліжэйшай крамцы іх не было, таму патэпалі з двухгадовым Францішкам да вялікага магазіна. Стаім у чарзе. Малы зь цікаўнасьцю разглядае людзей, вітрыны, часта зьвяртаецца да мяне. А за прылаўкам — маладзенькая, сымпатычная русявая дзяўчына. Яна вясёлая, спрытная ў рухах. Завіхаецца, але і назірае за Францішкам, чуе нашу гамонку, і калі падышла чарга, пытае таксама па-беларуску: “Што ж хоча купіць наш маленькі?” Францішак спакойна адказвае: “Яек”. Пасьля таго, як ён яшчэ ўсьміхнуўся дзяўчыне і сказаў: “Дзякуй, цёця!”, яе захапленьню не было мяжы. Дзяўчына ўзяла ручкі малога ў свае далоні, радасна прамовіла: “Ах ты, мой беларусік! Малайчына! Які слаўны хлопчык!” І мне было ня менш радасна, чым ёй.
Некаму гэты выпадак падасца дробязьзю, ня вартай такога захапленьня. Магчыма, так і было б, але толькі не ў дзяржаве, дзе за тое, што размаўляем на роднай мове, могуць спакойна агрэць дубінкаю. Ды як бы цяперашняя ўлада ні зьдзекавалася з мовы, ні грэбавала ёю, чаго не было нават пры савецкай русіфікацыі, а яна жыве, прабіваецца, прадзіраецца праз усе заслоны. Калі б гвалт спыніўся, то наша мова хутка разгарнула б свае крылы й стала б на сваёй зямлі, як ёй і належыць, паўнапраўнай гаспадыняю.
А пакуль што даводзіцца чуць у чыноўніцкіх кабінэтах: “Кагда навучыцесь разгаварываць на чалавечаскім языку, тагда і прыхадзіце!” Або ў інтэрвію па тэлебачаньні: “У настаяшчээ ўрэмя мы закупілі галандзкіх быкоў і будзем імець атлічнае семя”.
Аўторак, 12 кастрычніка
Уключыў тэлевізар. Сёньня, як і ўвесь апошні месяц, беларускаму тэлебачаньню ўжо не да галяндзкіх быкоў і іхнага семя. Тэлескрыня калоціцца ад гучнага слова: “Рэфэрэндум!” І задача ў сувязі з гэтай падзеяй ставіцца ўладаю вельмі дакладная. Раней была “элегантная победа”, а цяпер ужо мяркуецца “камня на камне не оставить от внутренней и внешней оппозиции” і “сокрушительно выиграть выборы и референдум”.
У нармальнай дзяржаве, у дэмакратычным грамадзтве адна толькі такая ваенная тэрміналёгія, такое запалохваньне выклікалі б адпаведную рэакцыю. Але ж гэта — у нармальнай дзяржаве. А ў беларускім запаведніку можна не зважаць на парушэньне Канстытуцыі й законаў, тут галоўнае — забясьпечыць выкананьне ўказіўкі. На гэта кінуты ўсе сілы, выбаршчыкаў атакуюць усюды: па месцы працы, службы, вучобы, не даюць ім спакою і дома праз друк, радыё і тэлебачаньне. Дзіву даесься, як яшчэ экраны нашых тэлевізараў не перагарэлі ад сораму, бо столькі зь іх выплюхваецца інсынуацый, бруду, столькі ўзводзіцца паклёпаў. Такія ідуць падтасоўкі ў фактах, падзеях нашай нядаўняй гісторыі, што ў слабога чалавека сапраўды страха можа паехаць.
А на фоне разгулу хлусьні дыктары-гіпнатызэры манатонна паўтараюць з ранку да поўначы, як трэба галасаваць. У якой клетачцы ставіць птушачку. Нават за савецкім часам, калі 99,95% выбаршчыкаў заўсёды галасавалі “за”, такога масіраванага, цынічнага, непрыкрытага абалваньваньня людзей, як цяпер, ніколі не было. І гэта гаворыць пра многае. Варта толькі чалавеку задумацца.
Паміж рэфэрэндумнай траскатні раптам прамільгнуў на тэлеэкране незвычайны сюжэт. Тое, што “Беларусь — цуд некранутай прыроды”, што яна самая квітнеючая, стабільная, найменш карумпаваная і г.д., вывучыў напамяць нават мой двухгадовы ўнук, які ня ў прыклад дзеду, не абцяжараны веданьнем адваротных фактаў, і ўсё прымае на веру. А вось “выдатна адладжаная ў Беларусі справа пахаваньня людзей” прымусіла зьніякавець. Ад гэтага сюжэту патыхнула спачатку нечым злавесным. А потым успомнілася, як два гады таму давялося хаваць на Вушаччыне бацьку. У райцэнтры нельга набыць труны, змушаны былі ехаць па яе ў Полацак, а ў нашым саўгасе няма ніводнага грузавіка, каб завесьці нябожчыка на клады, бо тэхніка раскрадзеная, дабітая да ручкі.
Серада, 13 кастрычніка
Еду на сустрэчу са старшаклясьнікамі, якія перад праглядам дакумэнтальнага фільму “Ўзыходжаньне”, прысьвечанага Васілю Ўладзімеравічу Быкаву, хочуць паслухаць мой аповед пра жыцьцё і творчасьць славутага пісьменьніка. Еду праз увесь горад перакладным транспартам. Аб’яўляюцца прыпынкі, а затым дыктар далдоніць пра рэфэрэндум. На вокнах аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў наклеены плякаты са словамі: “Твой дзень!” І зноў з той жа тлустай птушачкай у клетачцы “За!” для “непісьменных і бесталковых”. І тут афіцыйная прапаганда нарэшце ня хлусіць. Сапраўды, народ у Беларусі становіцца гаспадаром свайго жыцьця толькі па вялікіх сьвятах: на рэфэрэндумах і выбарах. Затым, у будзённасьці, ён ужо ўладзе не патрэбен. Далей уключаецца іншы мэханізм — дыктат вэртыкалі.
А пакуль што народ заманьваюць, заганяюць на датэрміновае галасаваньне і клічуць без супыну на сьвята 17 кастрычніка. Клічуць падарункамі тым, хто прыйдзе першым да урнаў, клічуць выязнымі буфэтамі, канцэртамі, музыкай. А хто ж у нас ня любіць сьвятаў? Вельмі любяць! І я ўжо цяпер уяўляю, як у нядзелю з вокнаў дамоў панясуцца падпітыя, хрыплаватыя мужчынскія і жаночыя галасы: “Вот кто-то с горочки спустился, наверно милый мой идёт…” або яшчэ больш грунтоўнае: “Артилеристы, Сталин дал приказ…”
Чацьвер, 14 кастрычніка
Тое, што робіць з розумам людзей цяперашняе мэтадычнае, татальнае замбаваньне прапагандысцкімі мітамі й фальшыўкамі, яшчэ раз убачыў сёньня. Сустрэў знаёмую жанчыну, чалавека з вышэйшай адукацыяй, філёляга. Некалі яна была разважлівая, неагрэсіўная, добразычлівая, разумела гумар. Павёў зь ёй гаворку пра дзяцей, унукаў, пра звычайнае чалавечае жыцьцё. А жанчынка адразу, як кажуць, зь месца ў кар’ер. Кідаецца ў высокую палітыку ў яе беларускім варыянце. Горача выдыхае словы, вочы блішчаць: “У тым, што мы кепска жывем, вінаваты апазыцыя, НАТО, Амэрыка!”
Я цярпліва выслухаў палымяную тыраду і спытаў у яе: “А скажыце, шаноўная Ніна Іванаўна, хто вінаваты ў тым, што нашыя людзі катастрафічна сьпіваюцца, што дзеці становяцца сіротамі пры жывых, ды збыдлелых бацьках, што гаспадар у вёсцы ня можа абкасіць крапіву каля сваёй хаты, паправіць павалены гнілы плот, што ў гарадзкіх дамах нішчацца ліфты, заплёўваюцца, засьмечваюцца пад’езды, што хлусяць палітыкі й журналісты? Што выбарчыя камісіі пастаянна займаюцца падтасоўкамі й фальсыфікацыяй? Няўжо, апазыцыя, НАТО і Амэрыка?” Глядзіць на мяне жанчынка і нічога не разумее. Якія дзеці? Які плот? Які ліфт? Якія камісіі? Тут ворагі ўнутраныя і зьнешнія абклалі нас з усіх бакоў і душаць, а ён талдычыць пра нейкія дробязі. Так і пайшла яна, ні слова не прамовіўшы пра сваіх нашчадкаў, цалкам заклапочаная глябальнымі й ваенізаванымі праблемамі.
Пятніца, 15 кастрычніка
Стаю ў булачнай у чарзе. Гляджу, як сівая, добрага веку бабулька, адставіла сваю кульбу і мітусьліва перабірае артрытнымі пальцамі грошы ў кашальку. Расклала іх па сусечках на пільныя патрэбы, а цяпер забылася, дзе ляжыць адкладзенае на батон. “Ну что вы там копаетесь!” — злуецца, прысьпешвае дзябёлая касірка. А чарга, якая раней адразу нападала на разгубленага чалавека, цяпер спачувальна маўчыць, цярпліва чакае. Бо ў саміх той жа клопат — як выжыць?
І я стаю, гляджу, думаю. Сёньня ў неспакойным, складаным і жорсткім сьвеце самае важнае для народу — паверыць у свае сілы, у сваё прадвызначэньне, ня быць запалоханым, панылым, разгубленым. Але як нашым людзям выявіць сваю разумную развагу, палітычную і грамадзянскую волю, імкненьне да нармальнага жыцьця — уласнага і ўсёй дзяржавы, як зрабіць правільны выбар, калі яны не жывуць, а боўтаюцца ў балоце выжываньня, якое засмоктвае мацней і мацней?
Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што праблема выжываньня пастаянна клапоціць і чыноўнікаў. Не, нястача, як простаму бюджэтнаму люду, ім не пагражае. Іхных зарплатаў і прэміяў за вернаподданіцкую службу хапае нават на прысмакі, а не на нейкі там шэры батон, пакет малака, кефіру. Бяда падпільноўвае іх зь іншага боку. Так цяпер павялося, што крэслы пад імі ўвесь час хістаюцца, і вылятаюць чыноўнікі зь іх надзвычай лёгка і нечакана.
Так і існуе нібыта стабільная, спакойная, беларуская грамада. Рэфэрэндумы, выбары прыходзяць і адыходзяць, а мы застаемся жыць у дзяржаве, дзе страх, рабская пакорлівасьць сталі адзіным сродкам для выжываньня.