Барыс Нямцоў: “Калі Пуцін прамаўчыць, гэта будзе самая вялікая перамога Лукашэнкі”

Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня у Маскве сябра Палітычнай рады Саюзу правых сілаў Барыс Нямцоў правёў прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную рэфэрэндуму і выбарам у Беларусі.
Нямцоў у прыватнасьці зьвярнуў увагу на наўмыснае зьмяншэньне колькаснага сьпісу выбаршчыкаў, якое зрабілі беларускія ўлады.

(Нямцоў: ) “Для атрыманьня патрэбных для сябе вынікаў Лукашэнку спатрэбіцца “ўкінуць” ад 400 да 800 тысячаў бюлетэняў” – заявіў расейскі палітык.

“Усе разьлікі паказваюць, што без наўпростага адміністратыўнага ўмяшальніцтва Лукашэнку цяжка будзе дабіцца пастаўленай мэты”, – падтрымаў думку Нямцова прадстаўнік сацыялягічнага “Цэнтру Левады” Аляксей Гражданкін, абапіраючыся на дадзеныя апытаньняў цэнтру, якія яны нядаўна правялі ў Беларусі.

Як лічыць Барыс Нямцоў, канечны вынік рэфэрэндуму залежыць і ад пазыцыі Масквы:

(Нямцоў: ) “Калі Пуцін прамаўчыць, гэта будзе самая вялікая гістарычная перамога Лукашэнкі, і ягоны рэжым будзе пажыцьцёвым”.