“У нас культ не асобы, а проста культ”

Іна Студзінская, Менск Ці ёсьць у Беларусі культ асобы? І наагул, ці ёсьць асоба, якую сапраўды шануюць, абагаўляюць, перад якой схіляюцца, як перад вялікім Леніным, альбо якую баяцца, як некалі правадыра ўсіх часоў і народаў Сталіна, ці на якую моляцца, як калісь на Мао Цзэ Дуна ці Кім Ір Сэна?
Звонку ўсё выглядае на тое, што культ асобы ў Беларусі ёсьць: шматмільённыя наклады “Советской Белоруссии”, дзе на палову паласы здымак правадыра зь дзяўчынкай. Ільвіная доля тэленавінаў прысьвечаная яму. У кнігарнях – дзесятак рознафарматных календароў і партрэтаў, паштоўкі, маркі. Ёсьць дыван з партрэтам Лукашэнкі, “Габэлен стагодзьдзя” зь яго выяваю. Пра Лукашэнку складаюць песьні, пішуць дакумэнтальныя й мастацкія творы. Яго абагаўляюць: губэрнатар Берасьцейскай вобласьці Канстанцін Сумар на ўсю краіну заявіў: “Вы вышэйшы за Бога, Аляксандар Рыгоравіч!”

А што думае народ, гісторыкі, творчая інтэлігенцыя пра культ асобы? Вось меркаваньне фізыка Сяргея Вашкевіча:

(Вашкевіч: ) “У нас няма асобы й няма культу асобы. Ёсьць проста аўтарытарная дзяржава, дзе прэзыдэнт робіць усё, што хоча. Не кантралюецца практычна нікім: ні парлямэнтам, ні судом, ні прэсай”.

Доктар гістарычных навук прафэсар Пётр Лысенка:

(Лысенка: ) “Культ асобы ў Беларусі? Сумняваюся, сумняваюся. Партрэтаў у нас друкуюць шмат, і розных, у перадачах таксама ўдзельнічаюць розныя асобы. Калі мы памятаем, што быў культ асобы Сталіна, узьвелічэньні такія, гэтага мы цяпер ня бачым”.

Кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў:

(Кузняцоў: ) “Клясычнага варыянту культу асобы яшчэ няма, але мы знаходзімся ў пераходным пэрыядзе, на апошняй стадыі стварэньня культу. І праз пэўны час мы будзем канстатаваць: у Беларусі сфармаваны ярка выражаны культ асобы з усімі наступствамі... І прыйдзецца, як у свой час ХХ зьезду, выкрываць гэты культ. І адказваць кожнаму”.

Аляксандар Лукашэнка – герой шматлікіх кніг, вершаў, песень, прыпевак. За кнігі “Кветкі Александрыі” й “Магілёўская пляніда” Міхаіл Шэлехаў уганараваны прэзыдэнцкай прэміяй “За духоўнае адраджэньне”. А вось за распаўсюд кнігі Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета “Выпадковы прэзыдэнт” кандыдат у дэпутаты парлямэнту Аляксандар Валчанін зьняты зь перадвыбарчай гонкі, а кнігі канфіскаваныя.

А вось што пра культ асобы гавораць людзі творчыя. Слова папулярнаму рок-музыку, лідэру гурта “Нэйра-Дзюбель” Аляксандру Кулінковічу:

(Кулінковіч: ) “Я лічу, у нас няма культу асобы. Калі пры Сталіну быў культ асобы, яго баяліся й абагаўлялі. У нас жа культ не асобы, а проста культ. Ёсьць страх перад прэзыдэнтам, як перад божышчам, што ён усё бачыць, што ўсё ведае. Вось мая мама, да прыкладу, перакананая, што Лукашэнка – сьвяты. Культ боства, а не асобы”.

Паэт Леанід Галубовіч лічыць, што праз мастацкую й дакумэнтальную літаратуру культу цяпер ня створыш: народ чытае мала. Хіба што праз масавую культуру.

(Галубовіч: ) “Калі ўявіць, што Лукашэнка пайшоў на 11 год – нейкі кіслы культ асобы. Ён сам шоўмэн, ён сам сабе культ робіць”.

Драматург і журналіст Мікалай Халезін пра вонкавыя атрыбуты культу – партрэты, маркі, дываны, паштоўкі – выказаўся так:

(Халезін: ) “Гэта прадукты падлізьніцтва, якія распрацоўваюцца ідэолягамі на Карла Маркса, 38. Улада прапануе эстэтыку, на якую моладзь ці інтэлігенцыя ніяк не адказвае. Мова ні расейская, ні беларуская, чырвона-зялёнае асяродзьдзе, на якое наш арганізм пратэстуе. І ў сытуацыі, калі эстэтычны канфлікт так праяўлены, ні пра які культ асобы ня можа быць гаворкі”.

Мастак і пэрформэр Алесь Пушкін пры росьпісе царквы ў пасёлку Бобр стварыў вобраз Лукашэнкі.

(Пушкін: ) “Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка стане для мяне культам асобы, калі, “навластвовавшись всласть”, ён памрэ для гэтага сьвету як грамадзянін РБ, а народзіцца ў Жыровіцкай абіцелі як “честной Питирим”, які на працягу астатняга свайго зямнога жыцьця будзе праводзіць дні ў малітве, посьце і ў сьціплых развагах”.

Вось такія меркаваньні адносна культу асобы ў Беларусі выказала навуковая й творчая інтэлігенцыя.