Намесьніка старышыні БНФ А.Міхалевіча зьнялі з гонкі “за фальшывыя ўлёткі”

Севярын Квяткоўскі, Менск Намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Міхалевіч зьняты зь перадвыбарчай гонкі адначасова са сваёй какурэнткай Сусанай Фурсай. Падставай для скасаваньня кандыдацкіх пасьведчаньняў сталі ўлёткі без выходных зьвестак. Самі кандыдаты называюць гэтыя ўлёткі фальшыўкамі.
Аляксей Міхалевіч называе цэлы шэраг прыкметаў, паводле якіх улётку зь ягоным прозьвішчам можна лічыць грубай падробкай. Напрыклад, асобнікі памножаныя на ксэраксе, а не ў друкарні, у тэксьце грубыя памылкі ў беларускай мове.

Самі плякацікі вешаліся людзям на кватэры з дапамогай клею, а побач ляпіліся налепкі незарэгістраванага руху “Зубр”. “Псаваньне дзьвярэй клеем, апрача абурэньня, не магло выклікаць ніякай іншай рэакцыі”, – падкрэсьлівае нядаўні кандыдат. Аляксей Міхалевіч наступным чынам камэнтуе сытуацыю:

(Міхалевіч: ) “Пабачылі папярэдняе галасаваньне. Яны паглядзелі, за каго людзі галасуюць, у якіх працэнтах”.

Ва ўлётцы, якую Аляксей Міхалевіч лічыць фальшывай, ёсьць заклік не галасаваць за канкурэнтку Міхалевіча незалежную кандыдатку Сусану Фурсу.

Справу свайго канкурэнта й сваю ўласную Сусана Фурса лічыць сфабрыкаванай на карысьць кандыдата ад улады вайскоўца й дзейнага дэпутата Віктара Марахіна:

(Фурса: ) “Я складаю канкурэнцыю Марахіну, пра што нават сказалі пару чалавек з акруговай выбарчай камісіі”.

Як і Алесь Міхалевіч, Сусана Фурса супраць зьменаў у Канстытуцыі.