Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
І ў акадэмічнай граматыцы, і ў школьным падручніку ясна сказана: зваротныя дзеепрыметнікі для беларускай літаратурнай мовы не характэрныя. Ці заўсёды мы памятаем пра гэта? Днямі я зноў пачуў па радыё пра разгарнуўшуюся дыскусію, а ў газэце прачытаў пра кандыдата ў дэпутаты, які “апусьціў на зямлю” зарваўшуюся ў паліцэйскім запале адміністрацыю рынку”. У абодвух выпадках, каб фраза, сказ загучалі па-беларуску, можна скарыстаць і дзеепрыметнікі – толькі не калькаваныя, а тыя, якія ў нашай мове традыцыйныя й шырока ўжываюцца. Па-беларуску той, які адбыўся, – адбыты, які завяршыўся, – завершаны, той, што лопнуў, – лопнуты, што расьсьмяяўся, – расьсьмяяны. У Коласа, напрыклад, чытаем пра “адбытую ў глухiм лесе драму”, у Брыля – пра “расьсьмяянае дзіця”, а ў Скрыгана – пра “лопнутую, пачарнелую бочку”. Бачым тут, што беларускія дзеепрыметнікі з суфіксамі -н- і -т- перадаюць значэньне іншамоўных, у прыватнасьці расійскіх, зваротных дзеепрыметнікаў.
І цяпер заменім прыведзеныя на пачатку калькі. Нехта пачынае, разгортвае дыскусію – па-беларуску можам сказаць пра пачатую, распачатую ці разгорнутую дыскусію. Вось жа, ад разгарнуць – дзеепрыметнік разгорнуты, з усімі яго шматлікімі, пазнавальнымі ў кантэксьце значэньнямі. А як назваць тых, хто зарываецца – заходзіць у нечым задалёка, пераходзіць усякія межы? Ці пазнавальны ў гэтым сэнсе вытворны ад зарвацца дзеепрыметнік зарваны? Здаецца, пакуль што ня вельмі: спалучэньне зарваная адміністрацыя гучыць аказіянальна. Думаю, лепш аддаць перавагу формам ад дзеясловаў расьперазацца, распусьціцца: расьперазаны й распушчаны. Уладзімер Караткевіч пісаў пра Мэфістофэля, створанага людзьмі, каб “апраўдаць сваё поўзаньне на жываце перад уладамі, расьперазанымі хамамі-ваякамі й сьветам гвалту”.
Запомнім раз і назаўсёды: у нашай мове немагчымыя зваротныя дзеепрыметнікі. Па-беларуску не разгарнуўшаяся, а разгорнутая, распачатая дыскусія, не зарваўшаяся, а расьперазаная адміністрацыя.